Важныя пытанні пра пенсіі

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўскага раёна.

Іх хвалююць важныя пытанні, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій. Адказвае на іх намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: ці іграе ролю пры назначэнні пенсіі тое, што чалавек працаваў па сумяшчальніцтве?

Адказ: зарплата, якую грамадзянін атрымліваў па асноўным месцы работы і па сумяшчальніцтве рахункуецца і ўлічваецца пры вызначэнні індывідуальнага каэфіцыента. А вось стаж у двайным памеры не бярэцца. Калі вы адпрацавалі паўгода ў двух месцах адначасова, у любым выпадку вам залічваюцца шэсць месяцаў, а не год.

Пытанне: брат жыве ў Казахстане, збіраецца пераязджаць у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. Як яму будзе назначацца пенсія?

Адказ: у выпадку пераезду з Рэспублікі Казахстан на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь вашаму брату пенсія будзе назначана ў адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб гарантыях правоў грамадзян дзяржаваў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаваў у галіне пенсійнага забеспячэння ад 13 сакавіка 1992 года. Пры гэтым, у стаж для налічэння памеру пенсіі залічаць час работы на тэрыторыі былога СССР да 1 студзеня 1992 года і з 1 студзеня 1992 года па 1 студзеня 1998 года на тэрыторыі Казахстана пры ўмове ўплаты страхавых узносаў у Пенсійны фонд гэтай дзяржавы.

Пытанне: я нарадзіўся ў кастрычніку 1959 года. Па новых правілах пенсійны ўзрост надыдзе для мяне ў 2022 годзе, у той час як калега-равеснік зможа выйсці на заслужаны адпачынак у 2021 годзе. Чаму такое разыходжанне?

Адказ: нагадаю, што з 1 студзеня 2017 года прадугледжана паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту: штогод на шэсць месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі 58 гадоў. Гэта павышэнне таксама закране ўсе льготныя датэрміновыя пенсіі – пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы, датэрміновыя пенсіі па ўзросце, абумоўленыя сацыяльным статусам (шматдзетная маці, інваліды з дзяцінства, бацькі інвалідаў з дзяцінства), за выслугу гадоў, у тым ліку асобных катэгорый дзяржслужачых, а таксама ваенных пенсіянераў.

Хутчэй за ўсё, ваш калега-равеснік нарадзіўся ў першай палове 1959 года, менавіта гэтыя мужчыны выходзяць на пенсію ў 2021 годзе, ва ўзросце 62 гадоў 6 месяцаў. Тым жа, хто нарадзіўся ў другой палове 1959 года, пенсія будзе назначацца ўжо ў 2022 годзе, ва ўзросце 63 гадоў.

Пытанне: ведаю, што для датэрміновага выхаду на пенсію па СП № 2 электразваршчыкам патрабуецца 12 гадоў 6 месяцаў льготнай работы. Патрэбны льготны стаж у мяне ёсць. Аднак я даведаўся, што неабходна выканаць яшчэ і другую ўмову: мець 25 гадоў агульнага стажу. У мяне агульнага стажу крыху больш за 22 гады. У 1980-х я шэсць гадоў знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі, працаваў. Чаму пры назначэнні пенсіі гэтыя гады не будуць прымаць у разлік?

Адказ: у агульны стаж можа быць уключаны перыяд работы ў месцах пазбаўлення волі толькі з 2001 года. Да гэтага моманту асобы, якія адбывалі пакаранне, не належалі сацыяльнаму страхаванню, і адлічэнні за іх у Фонд сацыяльнай абароны не ажыццяўляліся. Для таго, каб мець права на датэрміновую пенсію за работу з асаблівымі ўмовамі працы па СП № 2, вам неабходна дапрацаваць гады, якіх не хапае. Пры гэтым не забывайце, што з 2017 года павялічваецца пенсійны ўзрост, у тым ліку і для выхаду на датэрміновую пенсію.

 

Ірына СТЫРНІК