Святочны канцэрт да Дня настаўніка (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Словы падзякі за плённую і адданую працу, шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём настаўніка – былі адрасаваны ўсім педагогам нашага раёна ў час святочнага канцэрта, які прайшоў у Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці.

Гэты добры і радасны дзень – асаблівы, бо віншуюць тых, хто на працягу адзінаццаці гадоў амаль штодзень прысутнічае ў жыцці кожнага чалавека – гэта настаўнікі, такія мудрыя, маладыя і крэатыўныя.

Са сваім віншавальным словам да работнікаў адукацыі звярнуўся старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён адзначыў, што менавіта настаўнік уплывае на выбар прафесіі чалавека і жыццёвага шляху. Гэта вельмі няпростая, адказная і высакародная місія. Настаўнікі даюць вучням больш, чым проста веды, здабытыя з кніг, яны ўкладваюць у іх часцінку свайго сэрца, сваёй душы. Аляксандр Станіслававіч падзякаваў педагогам за высокія вынікі працы, цярпенне, адданасць прафесіі і дзецям. Пажадаў шчасця, здароўя, дабрабыту, удзячных вучняў.

За шматгадовую добрасумленную працу, высокае педагагічнае майстэрства, вялікі ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення ён узнагародзіў настаўнікаў Ганаровымі граматамі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, Падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, Падзячнымі лістамі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў.

Моцнага здароўя, поспехаў, павагі пажадала сваім калегам з нагоды свята начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус. Яна выказала словы ўдзячнасці ўсім работнікам сістэмы адукацыі і дадала, што іх задача – быць кожны дзень на дарозе з тымі, хто часам мае цяжкасці, дапамагчы ім пераадолець гэтыя цяжкасці. З кожным годам сістэма адукацыі прад’яўляе свае патрабаванні, і педагогі нашага раёна – мабільныя, камунікабельныя, творчыя асобы, якія ўмеюць знайсці новыя падыходы ў сваёй працы.

 

Свае віншаванні Наталля Сяргееўна дапоўніла ўзнагародамі для лепшых настаўнікаў раёна. За плённую працу, дасягнутыя поспехі, творчую ініцыятыву, высокае прафесійнае майстэрства педагогі атрымалі граматы Міністэрства адукацыі, Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, граматы аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама. Імя настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Анастасіі Крысанавай занесена ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Настаўнік гэтай жа ўстановы адукацыі Анатоль Лакцевіч атрымаў прэмію абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2019 года.

Варта адзначыць, што і сама Наталля Белаус не засталася сёлета без узнагароды: на абласным мерапрыемстве да Дня настаўніка ў Гродне яна была ўзнагароджана Падзякай Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

У гэты святочны дзень таксама ўспомнілі імёны настаўнікаў- ветэранаў, якія выхоўвалі і верылі ў сваіх вучняў. Многіх з іх ужо няма побач з намі, але светлая памяць працягвае жыць у сэрцах удзячных выпускнікоў. Былі выказаны словы шчырай падзякі за іх мудрасць, цярпенне, душэўную шчодрасць, разуменне.

Цудоўны настрой усім педагогам сваімі музычнымі выступленнямі дарылі артысты раённага Цэнтра культуры, а таксама юныя таленты Дзятлаўшчыны.

 

Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ