Святары ў бяседзе з моладдзю

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Святары праваслаўнага Цэнтра абароны жыцця і сямейных каштоўнасцяў Навагрудскай епархіі ў гонар іконы Жыровіцкай Божай Маці прывезлі ў Дзятлава выставу “Ратуй узятых на смерць”.

Сустрэчу гасцей з навучэнцамі старэйшых класаў гарадскіх школ раёна арганізаваў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель храма Прэабражэння Гасподня ў Дзятлаве іярэй Іаан Кісель.

У рамках мерапрыемства арганізатары выставы іярэй Пётр Ткачэнка і айцец Аляксандр правялі з падлеткамі маральна-выхаваўчую гутарку на тэму “Моладзь – за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”.

Азнаёміцца з экспанатамі былі запрошаны навучэнцы, педагогі, работнікі аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

Галоўная задача, якую ставяць арганізатары выставы , – паказаць моладзі, што тыя, хто ідзе на перарыванне цяжарнасці, учыняюць найвялікшы грэх дзетазабойства, а таксама пераканаць маладое пакаленне ў важнасці духоўных, маральных і сямейных каштоўнасцяў чалавечага жыцця.

Святары спыніліся на актуальных праблемах сучаснай моладзі, расказалі аб медыцынскіх і маральных аспектах абортаў, іх наступствах.

У гасцей праваслаўнай выставы была магчымасць у асабістай гутарцы са святарамі атрымаць параду і дапамогу ў вырашэнні праблем духоўнага жыцця.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ