Што для вас значыць Вялікая Перамога?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У гісторыі ёсць падзеі і даты, перад якімі і праз дзесяцігоддзі ўдзячныя нашчадкі схіляюць галовы.

Важнай гістарычнай падзеяй для беларускага народа з’яўляецца Вялікая Перамога. Цікава было даведацца ў нашых землякоў, якія пачуцці, асацыяцыі, думкі выклікае ў іх гэта свята.

Генадзь Суравец, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна:

– Вялікая Перамога – гэта перамога сілы, розуму, шчасця над горам. Гэта прадаўжэнне жыцця ў імя тых, хто ахвяраваў сабой дзеля святой і вялікай мэты. Цяпер самае галоўнае для нас, спадкаемцаў тых слаўных традыцый і ідэй, – абараняць наша мірнае неба, шанаваць і беражліва захоўваць памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, вучыць гэтаму нашых дзяцей.

Міхаіл Губар, старшыня раённага савета ветэранаў:

–  Перамога над фашызмам – гэта магчымасць для ўсіх нас жыць мірна, не баяцца прыгнёту, быць свабоднымі. Савецкія воіны, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, забяспечылі нам гэта шчаслівае жыццё. Яны дастойны памяці і шанавання. Шанавання і шчырых словаў удзячнасці дастойны нашы ветэраны. На жаль, на Дзятлаўшчыне іх засталося толькі шэсць чалавек. Раённы савет ветэранаў клапоціцца аб іх, дапамагае, віншуе са святамі.

Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:

– Дзень Вялікай Перамогі блізкі кожнаму чалавеку, бо ён аб’ядноўвае нас праз подзвіг ваеннага пакалення. Безумоўна, мы не можам аддзячыць тым, каго з намі няма, за мірнае неба і свабоду, але можам схіліцца да зямлі перад тымі, хто адстаяў жыццё будучых пакаленняў. Лічу, пакуль жыве памяць аб Вялікай Перамозе, мы будзем заставацца свабоднымі, шчаслівымі, годнымі жыць пад мірным небам.

Іаан Кісель, благачынны цэркваў Дзятлаўскай актугі:

– Вялікая Перамога – гэта вялікая магчымасць для ўсяго народа жыць на сваёй зямлі, сваімі традыцыямі, захоўваць праваслаўную веру, будаваць сваю будучыню. Гэты дзень і традыцыя яго адзначаць свяшчэнныя для ўсяго нашага народа. Слава тым воінам, якія жыцці свае склалі на полі бою за веру, за Айчыну, за нашу культуру. Праваслаўная Царква заўсёды ўзносіць свае малітвы і за іх, і за ветэранаў, якія яшчэ з намі. Для кожнага з нас Вялікая Перамога – напамін аб тым, што на Зямлі мы павінны прытрымлівацца Закона Божага, а гэта закон любові. Ён дадзены, каб на Зямлі не было войнаў, чалавечых ахвяраў, каб не пралівалася кроў.

Ангеліна Андрукевіч, вучаніца 6 клас СШ № 1 г. Дзятлава:

– Вялікая Перамога – гэта наша гісторыя, якую варта ведаць, бо яна тычыцца не толькі цэлай краіны, але і кожнай сям’і. Напрыклад, мой прадзядуля па мамінай лініі быў на фронце і вярнуўся жывым. На жаль, я яго ўжо не застала, затое ў сям’і захоўваліся яго франтавыя пісьмы і родныя расказвалі, што ў яго было нямала ўзнагародаў, сярод якіх медаль “За ўзяцце Берліна”. Я ганаруся сваім прадзядулем.

 

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: