Мерапрыемства ў рамках акцыі “Не ўпусці свой шанц” прайшло ў зале пасяджэнняў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.
Яно было скіравана на своечасовую прафілактыку і недапушчэнне новых злачынстваў асобамі, якія маюць судзімасць, аказанне ім дзейснай дапамогі ў працаўладкаванні, а таксама на выкананне даручэнняў артыкула 25 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
У пасяджэнні прынялі ўдзел выконваючы абавязкі пракурора Дзятлаўскага раёна Аляксандр Юркевіч, часова выконваючы абавязкі начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Святоха, намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Алена Макоўская. На сустрэчу з імі былі запрошаны беспрацоўныя грамадзяне з нязнятай і непагашанай судзімасцю, у адносінах якіх можа быць устаноўлены прэвентыўны нагляд, асуджаныя да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама.
Праваахоўнікі нагадалі ім аб адказнасці за парушэнне парадку і ўмоваў адбывання пакарання, злоўжыванне спіртнымі напоямі. Алена Савань правяла кірмаш вакансій і падрабязна расказала аб магчымасцях аддзела па працы і занятасці ў садзейнічанні навучанню і працаўладкаванню, а таксама аб аказанні іншай дапамогі такой катэгорыі асобаў. Алена Макоўская патлумачыла парадак звароту па гуманітарную і псіхалагічную дапамогу ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна для грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.
Вольга ІНДУРА,
старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама