Прафесію выбрала па душы

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Больш за 70 юнакоў і дзяўчат, якія сёлета скончылі вышэйшыя і сярэдніяспецыяльныя навучальныя ўстановы, прыехалі ў Дзятлаўскі раён на першае месца сваёй працы.

Маладыя спецыялісты папоўнілі кадравы склад сельскай гаспадаркі, установаў аховы здароўя, адукацыі, культуры, прамысловасці, гандлю. Найбольшы прыток маладых спецыялістаў у нашым раёне, як звычайна, назіраецца ў медыцынскай і сельскагаспадарчай сферах.

Засталіся ў мінулым студэнцкія гады – цяжкія семестры, хвалюючыя сесіі. Учарашнія студэнты – сёння яны – маладыя спецыялісты. Як прымуць іх на новым працоўным месцы? Ці станоўча складуцца стасункі з калектывам? Гэтыя і многія іншыя пытанні не раз паўстаюць перад моладдзю ў час іх выхаду на першае месца работы.

Пра тое, як пачаўся новы этап жыцця маладых спецыялістаў, пра іх уласны шлях у прафесію, будні і аб падтрымцы з боку старэйшых калег змаглі даведацца ў маладых работнікаў сельскагаспадарчай сферы.

Нядаўняя студэнтка-выпускніца факультэта “Фінансы і крэдыт” Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Алена Герасімчык, уражэнка горада Слоніма, якая па размеркаванні была накіравана ў Дзятлаўскі раён, першым месцам сваёй працы абрала пасаду бухгалтара ў КСУП “Жукоўшчына”. Як сцвярджаюць спецыялісты гаспадаркі, яна годна спраўляецца з гэтай справай.

Па прызнанні самой дзяўчыны, выпадковасці ў выбары прафесіі для яе не было. Ушколе Алена аддавала перавагу дакладным навукам, у прыватнасці, любіла матэматыку. Калі надышоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, вырашыла звязаць сваё жыццё з лічбамі і мэтанакіравана абрала для сябе эканоміку.

– Універсітэт адыграў галоўную ролю ў маім жыцці як у станаўленні асобы, так і ў фарміраванні мяне як будучага спецыяліста. Асноўныя базавыя веды, асновы прафесіі,  добрую вытворчую практыку я атрымала ад калектыву прафесійных выкладчыкаў, якія далі мне пуцёўку ў прафесію, дапамаглі знайсці сваё прызванне. Я заўсёды любіла вучыцца, таму  адзнакі ва ўніверсітэце ў мяне былі высокія. Чырвоны дыплом таму пацвярджэнне. Па заканчэнні ўніверсітэта я цвёрда пераканалася, што з выбарам прафесіі не памылілася.

Па выніках бездакорнай вучобы выдатніца Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Алена Герасімчык летась была запрошана на сустрэчу Прэзідэнта з адоранай моладдзю нашай краіны.

– Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванні я трапіла ў Дзятлаўскі раён. Мне хацелася знаходзіцца бліжэй да дома, і Дзятлаўшчына для гэтага ідэальны варыянт. Праўда, працоўную кар’еру я пачала не зусім па спецыяльнасці. Па адукацыі я фінансіст, а ў сельгасарганізацыі мне даверана пасада бухгалтара. Гэта дзве розныя галіны ведаў, аднак мяне гэта не палохае.

Усвядомлены выбар прафесіі дазволіў Алене ў поўнай меры раскрыць многія таленты, у тым ліку быць адказнай, мэтанакіраванай, прытрымлівацца дысцыпліны і парадку, умець дакладна планаваць і арганізоўваць сваю працу.

– Мне падабаецца знаходзіцца ў атмасферы бясконцых лічбаў, жыць у пастаянным інфармацыйным патоку, – дзеліцца малады спецыяліст. – Я з цікавасцю падыходжу да навін у сваёй працы, стараюся  ўнік­нуць у тонкасці і нюансы вядзення бухгалтарскага ўліку і складання фінансавых справаздачаў, імкнуся ва ўсім разабрацца  сама.

Для  Алены Герасімчык уяўленні аб працоўных буднях цалкам супалі з рэальнасцю. На новым месцы працы дзяўчына адчувае сябе камфортна. У размове Алена прызнаецца, што пасада бухгалтара прыйшлася ёй па душы і вельмі падабаецца. Галоўныя плюсы – гэта магчымасці развіцця і самарэалізацыі, азнаямленне з новымі накірункамі ў рабоце, вывучэнне малазнаёмых фінансавых працэсаў і, безумоўна, добры з’яднаны калектыў.

Штодзень свае працоўныя будні Алена Герасімчыкдзеліць са сваёй калегай – маладым спецыялістам-фінансістам Валерыяй Аніська. Яны ўвесь час імкнуцца падтрымаць адна адну.

Кіраўніцтва КСУП “Жукоўшчына” стараецца ствараць як мага больш камфортныя ўмовы для  жыцця і працы  маладых спецыялістаў. З першых дзён работы работнікі  забяспечаны добраўпарадкаванымі кватэрамі, рабочымі кабінетамі. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам ім выплачваецца штомесячная даплата да заработнай платы ў двухразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду. У рамках калектыўнага дагавора прадугледжаны розныя меры матэрыяльнага стымулявання і іншых відаў дапамогі.

– Алена – мэтанакіраваная дзяўчына, з арганізатарскімі здольнасцямі, стрэсаўстойлівая, дзелавая, тактоўная, упэўненая ў сабе, – дзеліцца сваімі назіраннямі галоўны спецыяліст гаспадаркі Алена Свіб. – Акрамя таго, дзяўчына ўмее знайсці падыход да любога чалавека, валодае добрымі манерамі, з’яўляецца ўладальніцай чароўнай усмешкі.

– Самыя важныя якасці, якімі павінен валодаць спецыяліст, – мяркуе сама Алена Герасімчык, – гэта адказнасць і жаданне працаваць. Галоў­нае – імкнуцца авалодаць усімі неабходнымі навыкамі прафесіі на практыцы, каб стаць выдатным спецыялістам у сваёй галіне. Любая прафесія прадугледжвае бесперапынны працэс навучання. Без гэтага нікуды. У пачатку сваёй працы кожны сустракаецца з цяжкасцямі: адначасова неабходна ўспомніць тое, чаму вучылі ва ўніверсітэце, вывучыць і паглыбіцца ў тое, чаго не давучыў, асвоіць новыя методыкі і праграмы той сферы, у якой даводзіцца  працаваць. Вядома, памылкі бываюць ва ўсіх. Вельмі важна – не баяцца цяжкасцяў, калі нешта не атрымліваецца – нельга страч­ваць цярпенне і аптымізм.

Пагутарыўшы з Аленай, яшчэ раз можна пераканацца, што магчымасці ў дзяўчыны даволі вялікія. Маладая, актыўная, мэтанакіраваная – яна выкарыстоўвае кожны дзень, каб не спыняцца на дасягнутым, а ісці наперад і абавязкова дасягаць пастаўленых мэтаў.

Будзем спадзявацца, што трывалыя веды, разважлівасць і аптымістычны характар дапамогуць дзяўчыне ў яе ўласным прафесійным станаўленні.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ