Няхай будзе гладкаю дарога!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Дарога, якая бяжыць за гарызонт, вядзе нас то на працу, то дахаты, то ў цікавую вандроўку.

“Гладкай вам дарогі!” – часта чуем услед, развітваючыся з роднымі і сябрамі. Такое пажаданне сімвалізуе адсутнасць перашкодаў і бяспеку на шляху. Рабіць дарогі і вуліцы беларускіх гарадоў гладкімі – задача няпростая і працаёмкая. Аднак з ёю ўпэўнена спраўляюцца работнікі дарожных службаў нашай краіны. На Дзятлаўшчыне дарожных спраў майстры працуюць у ДРБУ-119. У апошнюю нядзелю кастрычніка яны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста і дарожніка.

Каб больш даведацца, як праходзяць працоўныя будні гэтых спецыялістаў, мы пабылі на ўчастку дарогі Дзятлава – Раготна – Горка – М. Шастакі км 9,6 – км 11,96, дзе поўным ходам ідзе капітальны рамонт.

– Раней тут была гравійная дарога, – расказвае майстар ДРБУ-119 Павел Сіневіч, адказны за гэты ўчастак. – Сярод недахопаў гравійкі – пыл у сухое надвор’е, няроўнасці пасля дажджу. Такія дарогі маюць патрэбу ў перыядычным грэйдзіраванні. Сёлетняй вясной мы закончылі першую чаргу капітальнага рамонту дарогі Дзятлава – Раготна – Горка – М. Шастакі. Асфальт быў пракладзены на ўчастку 2,2 кіламетра. Цяпер праводзім другую чаргу рамонту: хутка будзе заасфальтаваны ўчастак працягласцю 2,3 кіламетра. З 25 верасня тут ідуць рамонтныя работы, якія плануем скончыць да 20 лістапада. Зроблены адкосы і кюветы, падсыпаны гравій і фактычна пакладзены ніжні слой асфальтабетону, ідзе ўкладка верхняга слою.

 

Нам расказалі, што брыгада Паўла Сіневіча, на мове дарожнікаў, “адзявае дарогу”, каб пасля на падрыхтаваную аснову можна было класці асфальт. Гэты працэс працаёмкі і працяглы. Работы ажыццяўляюць экскаватаршчык Валерый Рэйба, грэйдарыст Віктар Жыбарт, дарожны рабочы Уладзімір Лабарэвіч, машыніст катка Іван Шалесны, гравій з кар’ера, што каля Данілавічаў, падвозяць пяць МАЗаў Дзятлаўскага дарожна-будаўнічага ўчастка.

Прыемна назіраць, як заўзята “ўгрызаецца” ў зямлю коўш экскаватара. А побач – вынікі работы прафесіянала: роўненькія канавы абапал дарогі. Павел Сіневіч падказвае, што “машынай” кіруе сапраўдны майстар сваёй справы Валерый Рэйба. Цікавімся ў Валерыя Тадэвушавіча, што дапамагае быць з тэхнікай на “ты”.

– Экскаватаршчыкам у ДРБУ-119 працую ўжо 39 гадоў. Не дзіўна, што за гэты час адчуваю сябе, як адзінае цэлае са сваім JSB. Дарэчы, кіраваць гэтым экскаватарам англійскай вытворчасці адно задавальненне – за дзевяць гадоў, як атрымаў машыну, не было ніводнай паломкі. Тэхніка зручная і камфортная, працуеш на ёй і радуешся. А вось ранейшы экскаватар дастаўляў нямала клопатаў, колькі я памёрз у яго халоднай кабіне.

Так і рупіць высветліць у Валерыя Тадэвушавіча, ці не знайшоў ён за тры дзясяткі гадоў у зямлі свой клад.

– Збаночкаў з золатам не знаходзіў, – усміхаецца мужчына, – затое знайшоў сябе ў нялёгкай і карыснай справе.

Работнікі з іншых участкаў пацвярджаюць, што і Валерый Рэйба, і Павел Сіневіч – сапраўдныя прафесіяналы, якія якасна і акуратна выконваюць сваю работу. Вось на каго варта раўняцца маладым – падкрэсліваюць калегі-дарожнікі.

Крыху воддаль працуе брыгада асфальтаўкладкі пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Шэстака. Работнікі стараюцца выкарыстаць кожны ясны дзень, за які асфальтуюць прыкладна паўкіламетра дарогі. Праўда, асфальтавае пакрыццё яны павінны класці ў два пласты, таму “кіламетраж” на аб’екце “набягае” двайны. У складзе брыгады – машыніст асфальтаўкладчыка Цімур Пасюк, машыністы катка Сяргей Бараноўскі, Уладзімір Гуговіч, Іван Шалесны, трактарыст Аляксандр Жэгала, асфальтабетоншчыкі Артур Грыб, Сяргей Барысевіч, Валерый Рэгіневіч, вадзіцель Генадзь Гайдук.

Здалёк прыцягвае позіркі самы габарытны транспарт – гэта асфальтаўкладчык. Механізмы вялікай “машыны” па-майстэрску рыхтуе да работы Цімур Пасюк. Машыністам асфальтаўкладчыка ён працуе з 2006 года і за гэты час зарэкамендаваў сябе як старанны работнік, які не баіцца цяжкасцяў. Якіх менавіта? Галоўнае выпрабаванне дарожных работнікаў на ўкладцы асфальту, як вядома, – спёка. У гарачыя летнія дні, калі “тэмпературныя плюсы” б’юць рэкорды, працаваць з асфальтабетоннай сумессю, мяккка кажучы, няпроста. Восенню значна лягчэй.

На развітанне дарожнікі падзяліліся з намі цікавымі лічбамі. Аказваецца, каб заасфальтаваць участак дарогі ў два кіламетры, неабходна каля 2700 тон асфальтабетоннай сумесі і каля 3500 кубаметраў гравію. У 2019 годзе работнікі ДРБУ-119 заасфальтавалі каля дзесяці кіламетраў дарог нашага раёна: гэта ўжо ўзгаданыя дзве чаргі капрамонту дарогі Дзятлава – Раготна – Горка – М. Шастакі, а таксама капрамонт дарогі Хадзяўляны – Міроўшчына – Руда Яварская з асфальтаваннем пяцікіламетровага ўчастка дарогі паміж вёскамі Дубраўка і Карытніца.

Ірына СТЫРНІК