Міхаіл Шыдла. Імя ў Кнізе славы раёна

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Міхаіл Канстанцінавіч Шыдла, трактарыст КСУП “Жукоўшчына”, сваю першую ўзнагароду – Ганаровую грамату ЛКСМБ – атрымаў у далёкім 1975-м.

А вось адна з самых апошніх, самых свежых – сёлета яго імя занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна. Паміж гэтымі падзеямі больш за 40 гадоў…

Чалавека, якому ўжо восьмы дзясятак, застаць дома за газетай ці ля тэлевізара – цяжка. У яго – клопаты, справы, занятак. Вось і ў дзень нашага прыезду па журналісцкай нагодзе Міхаіл Канстанцінавіч быў за рулём трактара, свайго “беларуса”.

– Сёння тэлефаную, пытаюся: дзе Міша? Аказваецца, на адвозцы яблыкаў у садзе! На сваім трактары. Вось такая наша палачка-выручалачка, – кажа Алена Свіб, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце мясцовай гаспадаркі.

Спыніўся трактар, у які ўжо паспелі высыпаць шмат кашоў з яблыкамі, і да нас накіраваўся хударлявы мужчына… з палачкай. Сам – палачка-выручалачка ды ў руцэ – “выручалачка”. Як пазней пажартаваў-патлумачыў Міхаіл Канстанцінавіч: нішто іншароднае ў ім не прыжываецца, і сустаў у тым ліку. Але і такая “нязручнасць” не замінае кіраваць трактарам ці машынай.

Тэхніку чалавек ведае, лічы, да гайкі. Амаль 40 гадоў адпрацаваў у гаспадарцы трактарыстам, камбайнерам, вадзіцелем. Няма, напэўна, той механізатарскай працы, з якой не мог бы справіцца Шыдла.

Такі ж рукасты быў і яго бацька: ведаў кавальскую справу, будаваць умеў. Дзяцей у Шыдлаў было шмат, і ўсе з малых гадоў працавалі, дапамагалі па гаспадарцы.

На трактар сеў Міхаілда прызыву ў войска. Добра памятае свой першы трактар. Быў гэта МТЗ-2. А калі пасля службы вярнуўся ў калгас, далі МТЗ-50. На “беларусах”, лічы, прайшло ўсё яго жыццё.

– Чаму на інжынера не вучыліся? – пытаюся ў Міхаіла Канстанцінавіча, на што ён шчыра прызнаецца: у школе дрэнна

вучыўся. А потым дадае: лепш быць добрым трактарыстам, чым дрэнным інжынерам.

А добрым трактарыстам ён, сапраўды, быў: 1970-ы – ударнік камуністычнай працы; 1973, 1975, 1979 гады – пераможца сацыялістычнага спаборніцтва; 1981, 1985-ы – ударнік 9-й і 10-й пяцігодак; у 1986-м узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені. Пералік усіх адзнак, якія мае Міхаіл Канстанцінавіч Шыдла за 40 гадоў бездакорнай працы, заняў бы шмат радкоў.

Сёння гэтыя званні здаюцца аджыўшымі, маладым – нават незразумелымі: што за камуністычная праца, сацыялістычнае спаборніцтва? Але ж, пагадзіцеся, за гэтымі назвамі, няхай і недарэчнымі сёння, рэальная праца чалавека, часта зранку і да цямна. Васямнаццаць сезонаў – на камбайне, дзевяць – на вялікагрузах у жніўны час. Вясной – сяўба і догляд палеткаў, летам – касьба, жніво, адвозка, восенню – уборка, потым рамонт, крыху палёгка і зноў – клопаты, зноў у кабіну свайго “беларуса”.

У Шыдлы ніколі не было трактара замежнай вытворчасці. А на маё пытанне: на якой тэхніцы хацеў бы папрацаваць, чакала адказу – на “Джон Дзіры”. Памылілася. Міхаіл Канстанцінавіч паважае і аддае перавагу “беларусам”. І цяпер ва ўласным ужытку мае такі трактар. Калі трэба вяскоўцам дапамагчы з пасадкай бульбы ці выкапаць яе – гэта да Шыдлы. Тут ён спец. Нездарма ж мае сярэбраны медаль з ВДНГ – усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі: тады, у 1986-м, калгасмеў адметныя паказчыкі па бульбе, а саджаў і даглядаў яе Шыдла.

Калі б Міхаіл Канстанцінавіч задумаў стаць фермерам, то вырошчваў бы менавіта бульбу. Гэта ў яго атрымліваецца найлепш. А яшчэ, выпадкова даведалася, ён някепскі пчаляр: пчолам дае рады на пару з зяцем.

А вось у тым, што ўмее спяваць, трактарыст прызнаўся сам. А як заспяваў? Пакахаўшы. Прыслалі ў Погірскі клуб на працу дзяўчыну Сашу – Аляксандру. Упадабаў яе Міхаіл, як толькі ўбачыў. Два гады “заваёўваў” Сашына сэрца, угаворваў замуж пайсці. Пагадзілася. Распісаліся маладыя, а Міхаіла Саша далучыла да песні. Што з чалавекам робіць каханне, ведае, бадай, кожны: вось і ў Міхаіла голас “знайшоўся”,час на спеўкі, на паездкі ў складзе знакамітага Погірскага фальклорнага гурта.

За мяжой Міхаіл Канстанцінавіч не быў ніводнага разу, а Беларусь, лічы, аб’ехаў усю: Мінск, Гродна, Пінск, Магілёў… Дзе толькі не

выступаў фальклорны калектыў, якому яго жонка Саша прысвяціла многія гады.

Паколькі любіць Шыдла песні, думаю, сядзе ў трактар і спявае ці музыка за вярсту чуваць. Ды не, памылілася зноў-такі: любіць чалавек “цішыню”. І характар, кажуць, у яго ціхмяны, лагодны.

– Колькі ў яго было памочнікаў на жніве, ні на каго не крычаў, тым больш, каб абразіць – ніколі! З кожным старшынёй меў паразуменне: мае свой погляд адрозны – спакойна дакажа, не правы – пагодзіцца, – кажа Алена Свіб. – Умее ладзіць з людзьмі. Па-чалавечы, годна да ўсіх: ці зялёны пацан перад ім, ці начальнік.

Кажуць, што такі ж памяркоўны, мудры Міхаіл Канстацінавіч і як сямейнік. Спрабую высветліць, якую ж хатнюю работу не любіць, і чую ў адказ: хочаш-не хочаш, а калі жонка сказала – раблю. І з прытоенай хітрынкай усміхаецца.

Цяпер Шыдлы гаспадарку не трымаюць, бо ўжо сілы не тыя. А вось раней, як і ўсе вясковыя людзі, мелі карову, свіней, курэй – хапала жывёлы ў хлявах і на падворку. Умее Міхаіл Канстанцінавіч і карову падаіць, хоць і лічыцца гэта жаночай справай. Толькі гатаваць не бярэцца: навошта ў жонкі “хлеб” адбіваць, яна смачна варыць ды пячэ.

Жывуць Шыдлы ў Погірах, у роднай вёсцы Міхаіла Канстанцінавіча. Хату – пабудаваў, сад – пасадзіў… А надалей мужчына ўсміхнуўся і годна прадоўжыў: дачку вырасціў. Яго Наташа не з’ехала ў далёкія землі. Працуе побач, у Гезгалах, настаўніцай. Недалёка і ўнучка – у Мінску. Ад бабулі і дзеда перадалася ёй любоў да песні. Магчыма, хтосьці памятае, як выступала на раённай сцэне дзяўчынка – Ірына Гапоненка. Задаволены дзед Міхаіл, што ўнучка паступіла ў сталічны інстытут культуры, закончыла, уладкавалася ў Мінску. Любіць Міхаіл Канстанцінавіч бываць і ў сталіцы, і ў Гродне ў брата.

Не дамасед ён. У грыбную пару ахвочы да баравікоў, лісічак. Але ўсё адно самае адметнае яго захапленне – тэхніка. На маё пытанне: калі б можна было кнігу жыцця перапісваць нанова, што ў ёй бы змяніў, Міхаіл Канстанцінавіч упэўнена адказаў: нічога!

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Аксаны АНДАЛЮКЕВІЧ