Ёсць усё! Былі б грошы!

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Так адрэагавала на маё пытанне знаёмая, якую запыніла на падыходзе да кірмашу.

Чалавек яна з вельмі “крытычным” поглядам, якому дагадзіць цяжка. Аднак на гэты раз ацэнка была: “Кірмаш – во!” – і жэстам паказала “выдатна”. Павезла на калясцы мех проса, зазначыўшы, што гэта ўжо другі рэйс.

Сапраўды, многія дзятлаўчане адвозілі-адносілі дахаты купленае, самае неабходнае і вярталіся зноў. Купіць было што: зерне, агародніну, бульбу, мяса, насенне, сыры, прыправы, яблыкі, кветкі…

Прасцей сказаць, чаго не было. Сартавой бульбы са Шчучына. Вось каб не гэта маленечкая кропелька дзёгцю ў бочцы мёду! А так: хацелі журавінаў – калі ласка! Рыбы – калі ласка! Саджанцаў – на любы густ!

Прадукцыю прывезлі не толькі ўсе дзятлаўскія сельгаспрадпрыемствы, а і фермеры, індывідуальныя прадпрымальнікі з Зэльвенскага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў, са Століншчыны.

Мясной прадукцыяй гандлявала наша райспажыўтаварыства, Слонімскі мясакамбінат, КСУПы “Хвінявічы” і “Войневічы”.

На гэтым кірмашы можна было купіць і жывую прадукцыю: авечак і трусоў прывезла КСУП “Хвінявічы”. Як расказала загадчыца фермы ў Рудзе Яварскай Яўгенія Урбановіч, прывезлі пятнаццаць трусоў, і амаль усіх раскупілі. А вось авечкам, здаецца, новых гаспадароў не знайшлося.

Добрым попытам карысталася прадукцыя прамысловых прадпрыемстваў. Сыраробны завод зладзіў дэгустацыю і продаж сваёй прадукцыі. Крухмальны завод забяспечыў крухмалам. На “ўра” пайшлі венікі, якія прапаноўваў Дзятлаўскі лясгас.

Фермеры і ўладальнікі прысядзібных участкаў традыцыйна прапаноўвалі капусту, буракі, моркву, цыбулю, перац, памідоры. Усё па даступных цэнах.

На кірмашы прайшоў традыцыйны конкурс падворкаў “Чым багаты – тым і рады”. Яго пераможцам стала ААТ “Граніт-Агра”, прызёрамі – КСУПы “Хвінявічы” і “Слава працы”.

Падводзячы вынікі кірмашовага дня, першы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Міхаіл Бабіна і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак падзякавалі ўсім за ўдзел у кірмашы, пажадалі далейшых поспехаў у працы, здароўя, дабрабыту.

На суботнім кірмашы “навінкай” была праца хлопцаў-валанцёраў з раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. Каманда памочнікаў прапаноўвала данесці груз да машыны ці іншага транспарту жанчынам, састарэлым людзям.

Вясёлы настрой імкнуліся падтрымаць работнікі культуры, як мясцовыя, так і заезджыя. Гэтым разам выступаў ансамбль “Рэчанька”, а таксама Алена Лялько і Вераніка Нявера з Воранаўскага раёна.

Традыцыйна добрым попытам карысталася і бяспройгрышная латарэя, а напрыканцы кірмашу культработнікі зладзілі гульні-спаборніцтвы паміж наведвальнікамі кірмашу.

Мяркую, што дахаты суботнім днём ніхто не пайшоў з пустымі рукамі. Машынамі, веласіпедамі, мяхамі, пакетамі везлі-неслі набытае. І дзякуй за гэта варта сказаць і вытворцам, і “нябеснай канцылярыі”: восеньскі дзень кірмашовы не сапсаваў ні настрою, ні гандлю.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК