Удзельнікі клуба “Нам гады не бяда” і наведвальнікі гуртка “Пазнай-ка” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна зноў падарожнічалі па Беларусі.
На гэты раз наведалі Навагрудчыну.
На экскурсію з загадчыцай аддзялення Галінай Касцюк накіраваліся чатырнаццаць удзельнікаў клуба, якія хацелі даведацца больш цікавага аб нашай Гродзенскай вобласці.
Першым прыпынкам на маршруце было пахаванне адзінаццаці сясцёр назарэцянак, якіх расстралялі ў час вайны. Іх ушанавалі хвілінай маўчання.
Навагрудак – месца прызначэння падарожнікаў. Знаёмства з горадам пачалі з помніка загінулым у Вялікую Айчынную вайну. Затым прайшліся па алеі ліхтароў, каля самых прыгожых сфатаграфаваліся. Ліхтароў тут трынаццаць, яны сімвалізуюць арганізацыі і ўстановы горада. Унікальныя ліхтары вельмі ўразілі дзятлаўчан.
Наступнае ў праграме – наведванне дома-музея Адама Міцкевіча. У экспазіцыі рэчы, звязаныя з пісьменнікам. У падземным пераходзе, які злучае дом з флігелем, пазнаёміліся з фотавыставай Уладзіміра Цвіркі “Сілуэты спадчыны”. Таксама ўбачылі работы Лявонція Ціхановіча, удзельніка міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску-2017”.
Знаёмства з навагрудскай зямлёй прадоўжылася каля замкавай гары. Навагрудскі замак, а дакладней яго рэшткі і від на горад уразілі ўдзельнікаў клуба.
Не змаглі прамінуць і помнік Адаму Міцкевічу. Напрыканцы маршруту наведалі крыніцу ў вёсцы Мотча.
– Больш за ўсё спадабаўся музей, усе былі ў захапленні. Нам трапілася выдатны экскурсавод. Гісторыя Адама Міцкевіча настолькі кранула нас, нібыта мы пабылі і ў 18 стагоддзі, і ў 19, і ў 20. Было вельмі цікава. Сама экскурсія разлічана на 45 хвілін, але ішла паўтары гадзіны, і мы нават не заўважылі, як яны праляцелі, – падзялілася ўражаннямі Галіна Касцюк.
Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ