Віншаванні прымаў 90-гадовы юбіляр

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў і ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, павіншавалі з 90-годдзем Антона Іванавіча Маскаля з вёскі Міроўшчына.

Антон Іванавіч челавек, які ўсё жыццё працаваў на карысць сваёй малой радзімы. Юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Стукалы Шчучынскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Яны неаднаразова пераязджалі, пакуль не знайшлі жыллё ў вёсцы Сільдоўшчына, а гэта было 10 дамоў, акружаных лесам, дзе ветэран правёў дзяцінства. Вайна заспела яго ў 12-гадовым узросце.

– Сябравалі і з партызанамі, і з яўрэямі. Але калі фашысты пачалі ладзіць на іх аблавы і ўсё паліць, нас не знайшлі. Ноччу выпаў снег, слядоў не было, – успамінае доўгажыхар.

Працаваў памочнікам кінамеханіка, трактарыстам, шафёрам, камбайнерам. Асноўная праца была ў сельгастэхніцы. З жонкай пазнаёміўся ў 1955 годзе на танцах. Быў сапернік, але ўсё ж дзяўчына аддала перавагу Антону Іванавічу. Пара пражыла ў шлюбе 63 гады. У ветэрана вялікая сям’я: тры сыны, пяць унукаў і шэсць праўнукаў. Магчыма, у хуткім часе з’явіцца і прапраўнук.

– Самым шчаслівым момантам у маім жыцці лічу той час, калі я выгадаваў сыноў і пусціў іх у людзі, – гаворыць Антон Іванавіч. – Цяперашняму ж пакаленню хачу пажадаць не задавацца, быць адкрытымі і здароўя.

Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ
Фота Святланы АБРАМЧУК



Теги: