Сузорье талентаў Дзятлаўшчыны – гала-канцэрт

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У новай нестандартнай форме на Дзятлаўшчыне праходзіў Дзень прадпрыемстваў раёна.

Ён ладзіўся ў фармаце першага раённага конкурсу творчасці “Зорныя старты”. Праз сваю візітную картку прадпрыемствы і арганізацыі-ўдзельнікі расказалі аб поспехах, дасягненнях, мадэрнізацыі, спецыялістах і жыцці калектыву, а заадно раскрылі свае таленты і зрабілі дзятлаўчанам падарунак да 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці.

Спачатку праходзіў адборачны тур “Зорных стартаў”, а 22 верасня адбыўся гала-канцэрт, удзел у якім прымалі прызёры і пераможцы раённага конкурсу. Варта зазначыць, што ў рамках конкурсу ацэньваліся і тэматычныя выставы творчасці. Яны атрымаліся настолькі багатыя і масавыя, што журы вырашыла прысуджваць месцы не асобным аўтарам работ, а выставам арганізацый.

Пачаўся гала-канцэрт з урачыстага віншавання пераможцаў. На сцэну падняліся спонсары – прадсаўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “БСЖ”, БРСМ”, Дзятлаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яны ўручылі дыпломы і падарункі пераможцам і прызёрам конкурсных намінацый.

У намінацыі “Візітоўка” лепшы вынік паказаў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, другое месца заняў калектыў ААТ “Граніт-Агра”, на трцім замацаваліся педагогі Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Пераможцам намінацыі “Вакальная творчасць” стаў Вадзім Царык (КСУП “Рус-Агра”), другое месца – у Аляксандра Ківулі (ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”), трэцяе – у Генрыха Сівіцкага (ААТ “Дзятлаўскі сырзавод”).

У намінацыі “Мастацкае чытанне” перамагла Іна Орсік (Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), другое месца падзялілі творчы калектыў ААТ “Граніт-агра” і Андрэй Заяц з ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, дыпломам трэцяй ступені адзначана Лізавета Буйніцкая (ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”).

У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і фотаработы” перамагла выстава ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, другое месца за выставай Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дыплом трэцяй ступені ў ААТ “Граніт-Агра”.

Таксама каманды прадпрыемстваў і арганізацый былі ацэнены па агульнай колькасці “заробленых” балаў. Вынікі першага раённага конкурсу творчасці “Зорныя старты” падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка:

– Конкурс праводзім упершыню, але спадзяюся, што ён стане добрай традыцыяй у раёне, і нашы арганізацыі яшчэ не раз будуць нас здзіўляць не толькі сваёй прадукцыяй і навінамі вытворчасці, але і талентамі, а іх, як мы ўпэўніліся, у нашых спецыялістаў шмат.

Дыплом трэцяй ступені першага раённага конкурсу творчасці “Зорныя старты” атрымаў калектыў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, другой ступені – ААТ “Граніт-Агра”, першай ступені – ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Гран-пры заваявала ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”. Усе гэтыя каманды таксама ўзнагароджаны грашовымі прэміямі раённага выканаўчага камітэта.

Праграму прадоўжыла творчае выступленне прызёраў і пераможцаў, якія падарылі для гледачоў вершы, песні, інсцэніроўкі, творчыя і музычныя нумары і зарад станоўчых эмоцый.

Цікава было даведацца пра ўражанні ад мерапрыемства.

Лізавета Буйніцкая, ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод:

– Такія конкурсы вельмі патрэбныя для згуртавання калектыву, адкрыцця талентаў работнікаў. Сама я ніколі не думала, што здольна выступаць на сцэне ў жанры мастацкага чытання, а пры падрыхтоўцы да конкурсу выявіла ў сабе такі талент. Знайшоўся і патрэбны твор, які адлюстраваў стан маёй душы, дапамог “перажыць” гэтыя моманты на сцэне. Пры выступленні вельмі адчувалася станоўчая энергія, якая ішла ад нашай групы падтрымкі і дапамагала мне. Лічу, падобныя конкурсы павінны мець будучыню.

Работнікі ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”:

– Часу для падрыхтоўкі да конкурсу было мала, бо ёсць і асноўная работа. Аднак мы справіліся літаральна за два дні. Падобныя мерапрыемствы патрэбныя, бо дапамагаюць, выйсці ў людзі, паказаць сябе, паглядзець на іншых”. Асабліва гэта актуальна для лясніцтваў з перыфірыі, адкуль людзі рэдка прыязджаюць на канцэрты ў Дзятлава. Ну і, хочацца пажадаць нашым работнікам большай актыўнасці ў гэтым кірунку, асабліва моладзі.

Педагогі Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Было вельмі адказна, бо прадстаўлялі не толькі сваю ўстанову, але і сферу адукацыі раёна. Рыхтаваліся не доўга, аднак старанна. У нас талентаў шмат, таму маглі паўдзельнічаць і ў большай колькасці намінацый. Конкурс спадабаўся, збіраемся прыняць у ім удзел і на наступны год.

Ірына СТЫРНІК



Теги: