Напярэдадні 75-годдзя Гродзенскай вобласці спецыяліст Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, кіраўнік хору “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка і актыўныя ўдзельніцы клуба “Нам гады не бяда” Ядзвіга Гушча і Ала Альшэўская наведалі дом самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Гезгалы.
Актыўныя валанцёры падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму для пажылых людзей: праспявалі вядомыя песні, сыгралі на баяне, прачыталі вершы, расказалі пра мінулае Гродзенскай вобласці, спыніліся на падзеях нашых дзён.
– Яны радуюцца, калі мы прыязджаем з невялікімі канцэртамі, заўсёды падпяваюць нам, – расказвае Галіна Касцюк. – Часта чуем ад іх розныя цікавыя гісторыі. Напрыклад, сёння адна з бабуль узгадвала, як ткала паясы для вяселляў, а маладыя частавалі яе цукеркамі.
Прадстаўнікі сацыяльных службаў і валанцёры прыязджаюць да пенсіянераў часта, ніколі не забываюць зазірнуць да іх напярэдадні святаў. На гэты раз валанцёры таксама наведаюць з канцэртам Казлоўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў. І, вядома ж, не забудуць сваіх падапечных у Дзень пажылых людзей – 1 кастрычніка.
Дарэчы, у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна арганізавана невялікая выстава, падрыхтаваная мясцовымі майстрыхамі і рукадзельніцамі да 75-годдзя Гродзенскай вобласці, наведаць якую могуць усе жадаючыя.
Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ