Пачалі пісаць працоўную біяграфію

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Мерапрыемствы па ўрачыстым уручэнні маладым спецыялістам першага важнага дакумента – працоўнай кніжкі для нашага раёна сталі ўжо традыцыйнымі.

Кіраўнікі розных сфераў дзейнасці лічаць для сябе важным пазнаёміць маладых людзей з першым месцам іх працы, даць парады і выказаць словы  пажаданняў.

Адразу тры маладыя спецыялісты сёлета папоўнілі рады работнікаў сельскагаспадарчай сферы ў КСУП “Жукоўшчына”. Прыехаўшы ў наш раён па размеркаванні, яны падпісалі кантракты на далейшую працу і ўжо з першых дзён з поўнай аддачай пачалі пісаць сваю працоўную біяграфію.

Пасаду эканаміста КСУП “Жукоўшчына” заняла Валерыя Аніська, выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, ураджэнка горада Гродна.

Пасада бухгалтара-эканаміста даверана яшчэ адной выпускніцы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, ураджэнцы горада Слоніма Алене Герасімчык.

Выпускнік Жыровіцкага дзяржаўнага агратэхнічнага каледжа Уладзіслаў Быцко пачынае свой працоўны шлях з пасады тэхніка-механіка. Родам малады чалавек са Слоніма.

Ва ўрачыстай абстаноўцы важны дакумент маладым спецыялістам уручылі намеснік дырэктара КСУП “Жукоўшчына” Сямён Талстыка і галоўны спецыяліст гаспадаркі Алена Свіб.

– Першы год  самы цяжкі, гэта год вашага станаўлення ў прафесіі, усведамлення сябе як спецыялістаў, але ў той жа час ён самы важны, – адзначыў Сямён Іванавіч. – Ваш працоўны стаж ужо пачаўся, і цяпер вы паўнавартасныя работнікі нашай краіны. Працоўная кніжка – гэта дакумент, у якім будзе запісаны шлях вашай  працоўнай дзейнасці, узнагароды, звесткі аб павышэнні кваліфікацыі. Хочацца верыць, што пасля таго, як  выбар прафесіі вызначаны, атрыманы дыпломы, у вашых працоўных кніжках будзе толькі адзін запіс, які сведчыць аб тым, што вы задаволены сваім выбарам.

Пераадольваючы хваляванне, маладыя спецыялісты расказалі, чаму выбралі свае прафесіі, што паўплывала на гэты выбар, падзяліліся ўражаннямі аб узаемаадносінах з калектывам, першых днях работы і аб тым, як сустрэлі іх кіраўніцтва гаспадаркі і калегі.

– Перш за ўсё, мы рады, што маем магчымасць працаваць па спецыяльнасці, прымяняць веды, атрыманыя ў час вучобы, радуе і тое, што ёсць добрыя магчымасці для кар’ернага росту. У калектыве нас прынялі з цеплынёй і павагай, калегі добразычліва адгукаюцца на просьбы аб дапамозе, з цярпеннем ставяцца да недакладнасцяў у нашай рабоце.

Адказнасць маладых спецыялістаў да даручаных заданняў, якасці выкананых работ, арганізаванасць і самадысцыпліна радуюць кіраўніцтва КСУП “Жукоўшчына”.

Галоўны спецыяліст гаспадаркі Алена Свіб выказала надзею на тое, што ні для каго з маладых людзей работа ў гаспадарцы не стане выпадковай, а, наадварот, нават тыя, хто па нейкіх прычынах не зможа замацавацца, захаваюць пра час працы ў гаспадарцы толькі самыя светлыя ўспаміны. Алена Лявонцьеўна  адзначыла, што падобныя ўрачыстыя мерапрыемствы вельмі важныя для маладых спецыялістаў, так як у цёплай сяброўскай абстаноўцы яны хутчэй знаёмяцца адзін з адным, наладжваюць камунікатыўныя зносіны з калектывам, настройваюцца на працоўны лад.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ