Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Дзятлаўскі лясгас” існуе з 1968 года.
За гэты час адбылося шмат добрага, стараліся спраўляцца і з цяжкасцямі.
Сяргея Дурко, цяперашні дырэктар лясгаса, расказаў аб тым, чым прадпрыемства жыве зараз і што плануецца зрабіць у будучыні.
‒ Наш лясгас складаецца з некалькіх падраздзяленняў ‒ гэта дзевяць лясніцтваў, дрэваапрацоўчы цэх, які знаходзіцца ў Вензаўцы, лесапункт і паляўнічая гаспадарка, ‒ падзяліўся Сяргей Віктаравіч. ‒ Па сакрэце скажу, што “цякучкі” ў нас няма, работнікі звальняюцца рэдка,
у асноўным, у сувязі з пераездам ці па асабістых прычынах. Усё таму, што мы стараемся стварыць камфортныя ўмовы працы, а таксама
прапануем высокі заробак ‒ у сярэднім амаль тысячу рублёў.
Планаў і перспектыў у нас нямала, напрыклад, да канца гэтага года мы плануем пабудаваць новы лесапільны цэх у Вензаўцы
і ўсталяваць там лесапільную лінію. Гэта дасць дадатковы даход, які дазволіць прадпрыемству развівацца яшчэ больш актыўна. Будуць
створаны новыя працоўныя месцы, дададзена больш механізмаў па перапрацоўцы круглага лесу. Акрамя таго, мы заключылі дагавор на
набыццё дзвюх трактарных калясак, закупілі акорачны станок, які дазволіць перапрацоўваць круглы лес невялікага дыяметра, які цяпер вельмі запатрабаваны на рынку і таму дасць нам дадатковы прыбытак.
Што тычыцца паляўнічай гаспадаркі, то ў нас ёсць паляўнічы домік у аграгарадку Вензавец, дзе абсталявана шэсць спальных месцаў. Акрамя таго, там ёсць лазня, альтанка з мангалам і нават більярд. У мінулым годзе ў Вензавецкае лясніцтва былі завезены зубры, лані, алені. Яны
ўтрымліваліся ў вальерах для ператрымкі і затым былі выпушчаны на волю.
На паляванне прыязджаюць людзі з розных краін, часцей за ўсё з блізкага замежжа ‒ Расіі і Украіны, але часам і з больш далёкіх краін.
Напрыклад, у наступным месяцы мы чакаем гасцей з Даніі, якія прыедуць папаляваць на аленяў. Акрамя таго, сіламі работнікаў лясной
аховы праводзяцца розныя рэйды і мерапрыемствы па выяўленні правапарушэнняў.
Увогуле, мы не стаім на месцы і стараемся пашыраць і развіваць прадпрыемства, ісці ў нагу з часам і працаваць на карысць людзей.
Марыя ПАПОВА