Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Дзятлаўскага сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” прайшло 27 верасня пад кіраўніцтвам старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.
Удзел у сустрэчы прынялі старшыні раённых сельвыканкамаў.
З сацыяльна-эканамічным становішчам Дзятлаўскага сельскага савета і яго дзейнасцю ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня Аляксандр Маркушэўскі.
– Плошча Дзятлаўскага сельскага савета складае 239 кв. км. На тэрыторыі сельсавета ў 32 населеных пунктах маецца 945 гаспадарак, у якіх пражываюць 1930 чалавек.
Самыя буйныя населеныя пункты сельскага савета – аграгарадок Раклевічы, вёскі Засецце і Апаліна-Басіна. У шасці населеных пунктах (Запашка, Каменка, Нямковічы, Палубачкі, Рэпішча, Тарасавічы) жыае менш за 10 чалавек. У вёсцы Сіратоўшчына жыхароў не засталося.
На тэрыторыі сельсавета размешчана адно вытворчае прадпрыемства – КСУП “Русь-Агра”, у якім працуе 366 чалавек.
Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць тры фельчарска-акушэрскія пункты, якія знаходзяцца ў аграгарадку Раклевічы, вёсках Міроўшчына і Норцавічы, медыцынскія паслугі прадастаўляюць жыхарам Дзятлаўская раённая і Новаяльнянская паліклінікі.
Сфера адукацыі прадстаўлена Раклевіцкім дзіцячым садам-базавай школай.
Культурны вольны час насельніцтва забяспечвае Раклевіцкі дом культуры і мясцовая бібліятэка. Ва ўстановах культуры створана восем клубных фарміраванняў.
Гандлёвая сетка прадстаўлена аб’ектамі гандлю рознай формы ўласнасці, абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць дзве стацыянарныя гандлёвыя кропкі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Населеныя пункты, у якіх адсутнічаюць магазіны, абслугоўваюцца аўтамагазінамі па ўсталяваным графіку.
Паслугі паштовай сувязі аказваюцца насельніцтву ў аддзяленні паштовай сувязі ў аграгарадку Раклевічы і перасоўным аддзяленнем. Акрамя традыцыйных, аддзяленнямі паштовай сувязі аказваюцца дадатковыя паслугі: праз паштальёнаў жыхары сельскага савета могуць набыць і заказаць любы від тавараў.
Асаблівая ўвага кіраўніцтва сельсавета і спецыяльных службаў раёна накіравана на забеспячэнне бяспечнай жыццядзейнасці адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян – гэта рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўка АПА, забеспячэнне палівам, аказанне медыцынскай дапамогі.
На тэрыторыі сельвыканкама ў складзе супрацоўнікаў розных раённых службаў і ведамстваў працуе назіральная камісія, якая ў бягучым годзе праверыла 510 домаўладанняў, было выяўлена 87 парушэнняў, 82 з іх своечасова ліквідаваны.
Штогод праводзяцца камісійныя абследаванні адзінокіх грамадзян, у выпадку неабходнасці яны ўключаюцца ў мерапрыемствы па паляпшэнні матэрыяльна-бытавога становішча.
Шмат увагі надаецца пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў. Часткова пакладзены асфальт у вёсцы Заполле, заасфальтавана пешаходная дарожка ад вёскі Засецце да горада Дзятлава. Выкананы работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля фермаў у вёсках Засецце і Нарбутавічы, убраны звалкі ў вёсцы Селівонкі, каля вёсак Савічы, Міклашы, Хадзяўляны, добраўпарадкавана тэрыторыя каля помнікаў землякам, якія загінулі ў гады вайны, знесены тры пустуючыя дамы, уведзены ў севазварот землі двух участкаў зямлі ў вёсках Засецце і Заполле.
Практычна ва ўсіх населеных пунктах сельскага савета была праведзена высечказараснікаў, праводзяцца работы па скошванні травы на тэрыторыях вакол незаселеных дамоў.
Абмеркаваўшы асноўныя пытанні павесткі дня, удзельнікі мерапрыемства наведалі сацыяльна значныя аб’екты, сярод якіх
Раклевіцкі дом культуры, дзіцячы сад-базавая школа, бібліятэка, сталовая КСУП “Русь-Агра”, Раклевіцкі фельчарска-акушэрскі пункт, магазіны гандлёвай сеткі “Родны кут”.
Пра ўвядзенне зямель у севазварот і добраўпарадкаванне тэрыторыі участкаў пасля зносу дамоў, непрыгодных для выкарыстання, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі могілак ішла размова кіраўнікоў у вёсках Заполле і Засецце.
Падзяліўся вопытам вядзення гаспадаркі прыватнай формы ўласнасці, добраўпарадкавання тэрыторыі аграсядзібы і прылеглай да яе тэрыторыі ўладальнік аграсядзібы ў вёсцы Курпешы Дзяніс Жэгалік.
Пры падвядзенні вынікаў дня Дзятлаўскага сельскага савета старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі завастрыў увагу ўдзельнікаў выязнога мерапрыемства на далейшым падтрыманні санітарнага стану населеных пунктаў раёна, прыняцці мер па барацьбе з інвазіўнымі раслінамі, выкананні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 357 “Аб пустуючых і старых дамах” ад 4 верасня 2018 года, арганізацыю працы ў сельсаветах з працаздольнымі грамадзянамі, не занятымі ў эканоміцы, у мэтах выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” ад 2 красавіка 2015 года, прыняцці мер, накіраваных на бяспеку жыццядзейнасці насельніцтва, папярэджанне пажараў і гібелі на іх людзей, ахову грамадскага правапарадку, прафілактыку правапарушэнняў.
Аляксандр Станіслававіч станоўча ацаніў дзейнасць кіраўніцтва і работнікаў Дзятлаўскага сельвыканкама па добраўпарадкаванні сацыяльна важных аб’ектаў, работу па арганізацыі санітарнага стану на падведамасных сельвыканкаму тэрыторыях. Ён падзякаваў удзельнікам выязнога мерапрыемства за сумесную плённую працу, пажадаў поспехаў у рабоце кіраўніцтву Дзятлаўскага сельвыканкама.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ