“У будучыню з надзеяй”

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Белдзяржфілармоніі горада Мінска прайшоў фінальны этап ХХХIII Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы “У будучыню з надзеяй” Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь.

У фінальным этапе паўдзельнічалі дэлегацыі з Дзятлаўскага, Хойніцкага, Нараўлянскага, Кармянскага, Чачэрскага, Мазырскага, Буда-Кашалёўскага, Столінскага, Лунінецкага, Пінскага, Быхаўскага, Слаўгарадскага раёнаў.

Нашы землякі прывезлі са сталіцы дыпломы першай ступені за творчае майстэрства. Удзельніцы цыркавой студыі “Марсі” (кіраўнік Валерый Герасіменка) Аляксандра Ганчар і Карына Дарашкевіч падрыхтавалі пластычны эцюд на крэслах. Навучэнка Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Салата (выкладчыца Ірына Сідорчык) выканала п’есу “Гавана – клуб” Андрэя Какорына.

Уражаннямі ад паездкі падзяліліся Аляксандра Ганчар і Карына Дарашкевіч:

– Цыркавую студыю “Марсі” наведваем ужо шосты год. На заняткі да Валерыя Анатольевіча ходзім з вялікім задавальненнем. У нашай творчай скарбонцы ёсць некалькі падрыхтаваных нумароў. Эцюд на крэслах не самы складаны з іх, але журы прысудзіла яму дыплом першай ступені. Фінальны этап праграмы “У будучыню з надзеяй” быў разлічаны на тры дні. Мы не толькі выступалі, але і наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны, паўдзельнічалі ў аглядавай экскурсіі па Мінску. Цікава было пабачыць, на што здольны нашы равеснікі, асабліва спадабаліся бальныя танцы. Спадзяёмся яшчэ не раз пабыць на падобных мерапрыемствах.

Ірына КАЎКЕЛЬ