Злачынстваў стала менш

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У першым паўгоддзі 2019 года на Дзятлаўшчыне са 112 да 106 зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, у тым ліку ўчыненых у сельскай мясцовасці.

Па лініі крымінальнага вышуку ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года іх стала менш на 31,5 %, павялічылася раскрывальнасць. Асноўную колькасць такіх  злачынстваў па-ранейшаму складаюць крадзяжы.

Адзначаецца зніжэнне “п’янай” злачыннасці, удзельная вага якой – 26,8 % (сярэднеабласны паказчык – 29,3 %). Па лініі барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлена 5 злачынстваў, аднак на працягу 2018-2019 гадоў не было крымінальных справаў па фактах збыту наркотыкаў.

З 2 да 10 узрасла колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў і злачынстваў у сферы эканомікі. Нягледзячы на ​​станоўчую тэндэнцыю змяншэння з 47 да 41 злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, іх удзельная вага ў агульнай структуры злачыннасці вышэйшая за сярэднеабласны паказчык. Зменшылася колькасць супрацьпраўных дзеянняў з катэгорыі “гвалт у сям’і” і ўчыненых у грамадскіх месцах, а колькасць бытавых злачынстваў, узбуджаных па прэвентыўных артыкулах, павялічылася з 7 да 9. Для прафілактыкі злачынстваў за 6 месяцаў 2019 года пракуратурай узбуджаны 11 крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса, з якіх 6 – па фактах пагроз забойствам і 5 – па фактах нанясення лёгкага цялеснага пашкоджання. 4 асобы, схільныя да ўчынення злачынстваў на сямейна-бытавой глебе з ужываннем гвалту да родных і блізкіх, пракуратурай раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Аналіз прычын і ўмоваў учынення злачынстваў сведчыць, што пры належнай прафілактычнай рабоце ў некаторых выпадках іх можна было прадухіліць, асабліва гэта тычыцца гвалту ў сям’і. У другім паўгоддзі 2019 года суб’ектам прафілактыкі Дзятлаўскага раёна трэба прадоўжыць работу па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, асаблівую ўвагу надаваць папярэджанню бытавой злачыннасці. Аддзелу ўнутраных спраў райвыканкама больш увагі надаць арганізацыі прафілактычнага ўліку і прафілактычным мерапрыемствам з асобамі, схільнымі да правапарушэнняў.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна