На базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава другі год запар працаваў дзевяцідзённы летнік “Алімпіёнік” з кругласутачным знаходжаннем.
Асноўная яго дзейнасць была накіравана на развіццё асобы дзіцяці і ўключэнне яго ў разнастайнасць чалавечых адносін і міжасобасных зносін з аднагодкамі. Фізічнае выхаванне цесна звязана з маральным, працоўным, разумовым, эстэтычным і з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем. У Год малой радзімы, да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці ў летніку былі прадугледжаны мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне ў дзецях патрыятызму, любові да роднага краю, пачуцця гонару за сваю краіну, яе гісторыю і культуру. Прыемныя ўражанні ў хлопчыкаў і дзяўчынак засталіся аб займальных экскурсіях у гарады Гродна, Ліду, з наведваннем помнікаў у вёсках Засецце, Беліца, гарадскім пасёлку Гезгалы.
Пастаяннае супрацоўніцтва з Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеем, пры правядзенні гульні “Дзеці Перамогі”, з Дзятлаўскай раённай бібліятэкай у дэтэктыў-шоу “Таемнае расследаванне”, вядома, далі свой плён. Выхаванцы з задавальненнем удзельнічалі ў прапанаваных мерапрыемствах.
Паняцце “Здаровы лад жыцця” неабходна закладваць яшчэ ў дзяцінстве. Ранішняя гімнастыка, спартыўныя гульні на стадыёне і спартыўнай пляцоўцы, рухомыя гульні на свежым паветры, эстафеты, сонечныя і паветраныя ванны, спартыўныя святы “Малыя алімпійскія гульні”, “Гумар у спорце важны, не спрачайцеся”, “Дзень футбаліста”, #сэлфі ЗЛЖ “За здаровы лад жыцця”, спартыўныя гульні з мноствам заданняў пад назвай “Лазертаг” у клубе “Ратнік” у Лідзе, наведванне базы адпачынку “Прывал” у горадзе Гродне таксама далі штуршок у развіцці ў дзяцей спрыту і кемлівасці, дапамагалі ім развіваць розныя рухальныя здольнасці, далучылі выхаванцаў да здаровага ладу жыцця. Пасля конкурсаў, якія развіваюць не толькі фізічны стан дзяцей, але і ўмацоўваюць іх дух, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі прызы.
У летніку праходзілі сустрэчы з інспектарамі РАУС і РАНС, з прадстаўнікамі дзіцяча юнацкай спартыўнай школы, з валеолагам раёна і прадстаўніком Чырвонага Крыжа, работнікі Цэнтра культуры праводзілі інтэрактыўную гульню “Бяспечных цыгарэт не бывае”.
Уражанні ад летніка “Алімпіёнік” засталіся незабыўныя і яркія, адпачынак быў насычаным і актыўным, сумаваць не даводзілася. Прыемна ў канцы змены было выслухоўваць словы падзякі не толькі ад дзяцей, але і ад бацькоў.
Ала СІНЯК,
дырэктар летніка