Сёння ўжо нікога не здзіўляе трохгадовае малое з сотавым тэлефонам, планшэтам ці іншым гаджэтам у руках.
А падлеткаў без іх увогуле немагчыма ўявіць. Што ж адбываецца з дзецьмі пад уплывам гаджэтаў, як гэта адбіваецца на іх зроку і псіхіцы?
Несфарміраваная псіхіка, як губка, убірае ў сябе ўсё добрае і дрэннае, што нясуць у сабе электронныя прылады, –сцвярджае ўрач-педыятр Таццяна Чыгір. –Псіхіка дзіцяці падстройваецца пад тэхнічныя прылады, у выніку мяняецца мысленне і ўспрыманне. Яркія зрокавыя вобразы выклікаюць моцныя эмоціі, але пакідаюць раўнадушным мысленне. У выніку галоўнымі каналамі ўспрымання становяцца зрок і слых. Мозг насычаецца ўражаннямі, але адчувае дэфіцыт у тактыльных, нюхальных і датыкальных адчуваннях. Нельга сцвярджаць адназначна, аднак у большасці выпадкаў гэта ўплывае адмоўна. Дзіця аўтаматычна вызваляецца ад неабходнасці актывізаваць сваё ўяўленне, яму ўжо прапануюць гатовую стэрэатыпную форму і яркі стымул. Гэта можа прывесці да таго, што малое будзе фантазіраваць у адной плоскасці, якую яму прапануе сучасная індустрыя віртуальная свету. Такія захапленні не стымулююць ні фантазію, ні ўяўленне, ні творчае мысленне. Акрамя таго, адсутнасць рэальных стасункаў з навакольным светам можа прывесці да развіцця замкнутасці, некамунікабельнасці і негатоўнасці да жыцця ў соцыуме.
Сур’ёзную нагрузку зазнае і зрок дзіцяці. Найбольшую небяспеку тут тояць у сабе смартфоны, якія маюць адносна невялікі блікуючы экран і заўсёды даступныя. Адна з прычын блізарукасці пры выкарыстанні смартфонаў – адсутнасць фіксацыі на патрэбнай адлегласці. У выніку дзіця можа глядзець на экран настолькі блізка, насколькі яму зручна, а гэта выклікае празмернае напружанне вачэй.
Акрамя таго, у дзіцяці, якое многа і часта гуляе ў “стралялкі”, скажаецца светаўспрыманне: малое асацыіруе сябе з бессмяротным камп’ютарным героем і прывыкае да таго, што, калі яго “забілі”, можна пачаць гульню зноў. Пачуццё самазахавання прытупляецца, і ўжо на вуліцы яму здаецца, што можна з лёгкасцю і без рызыкі для жыцця здзейсніць які-небудзь неверагодны трук. Дзіця пачынае лічыць, што гэта норма – рашаць канфлікты з выкарыстаннем сілы і зброі. Яно нават не імкнецца ўладзіць сваркі ў рэальным жыцці мірным шляхам, бо проста не ўмее гэтага рабіць.
Марыя ПАПОВА