#УРОК: пазнаваць Радзіму абавязаны кожны

Грамадства Свежыя навіны

На працягу апошніх двух гадоў у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава склалася і развіваецца традыцыя арганізацыі летняга адпачынку і выхавання дзяцей праз дзейнасць аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Спадчына”.

Змена лагера аб’яднала трыццаць лепшых навучэнцаў і дванаццаць самых творчых і актыўных педагогаў школы – гэта Аксана Якаўчык, Святлана Урбан, Ала Філідовіч, Вольга Роўба, Анатоль Куцко, Юрый Сарока, Марына Шумская, Алена Шпакоўская, Таццяна Вянско, Наталля Жадзейка, Валянцін Палухін і Аляксандр Грыб.

У гэтым навучальным годзе педагогі распрацавалі праграму пад назвай “Турыстычнае агенцтва “#УРОК” (Узнавать Родину Обязан Каждый), якая накіравана на аздараўленне і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. У гэтым турыстычным агенцтве кожны дзень з’яўлялася “гарачая” пуцёўка, па якой навучэнцы адпраўляліся ў падарожжа: велатуры, аўтатуры, марскі круіз, паходы, пешыя туры. Тураператары (выхавальнікі) арганізоўвалі пазнавальна-займальную праграму па кожнай пуцёўцы, у час якой дзеці акуналіся ў свет прыгод, паходаў, экскурсій, акцый і сустрэч.

“Галоўная адметная асаблівасць гэтай праграмы ў тым, што яна арыентавана, перш за ўсё, на вывучэнне гісторыка-краязнаўчай спадчыны сваёй малой Радзімы – горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна”, – адзначыла дырэктар лагера “Спадчына” Аксана Якаўчык.

Кожны дзень у лагеры меў пэўную назву, ідэю і заданне. Так, у рамках тура “Духоўны радавод краю” выхаванцы лагера здзейснілі падарожжа “Дарога да храма” і пазнаёміліся з праваслаўнымі храмамі Дзятлаўшчыны: саборам святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве і Свята-Барыса-Глебскай царквой у Накрышках. У рамках пешага тура “Я памятаю. Я ганаруся!” дзеці адправіліся на праходжанне QR-квэста “Дарогамі памяці” па пешым маршруце “Абеліск Славы – Брацкая магіла – помнік Фогелю і Пятрову – помнік Філідовічу – мемарыял “Дзеці ліхалецця” ў рамках акцыі “Беларусь памятае”. У якасці экскурсійных тураў таксама быў прапанаваны аўтатур “Экалагічная Дзятлаўшчына” (па маршруце “Дзятлава – Лявонавічы – Руда Яварская – Дзятлава”). Атрымаўшы яшчэ адну “гарачую” пуцёўку, дзеці адправіліся ў падарожжа па маршруце “Дзятлава – Скрундзі – Малая Воля – Дзятлава”, у час якога пазнаёміліся з партызанскім рухам на тэрыторыі нашага раёна, лёсам вёсак Малая Воля, Скрундзі і Трахімавічы, а таксама наведалі помнікі Вялікай Айчыннай вайны. Быў здзейснены аўтатур у Навагрудак да Кургана Славы і дома-музея Адама Міцкевіча.

Самым насычаным, цікавым і незабыўным аказаўся велатур па маршруце “Дзятлава – Цяцейкі – Дварэц – Дзятлава”. Дзеці пазнаёміліся з помнікам, прысвечанаму 10 000 расстраляным яўрэям у вёсцы Коцькі, наведалі аграсядзібу “Каля дуба”, дзе гаспадары Жанна і Сяргей Калпінскія правялі экскурсію па маляўнічых месцах вёсачкі Цяцейкі. Усім запомніўся прывал на беразе ракі Маўчадкі, дзе “кашавары”-выхавальнікі разам з дзецьмі прыгатавалі смачны абед.

Бацькі нашых выхаванцаў таксама прынялі актыўны ўдзел у велатуры і выказалі сваё меркаванне аб арганізацыі лагера. Аляксей  Петрыкевіч: “Гэта была вельмі добрая ідэя – адкрыць на базе трэцяй школы лагер падобнага тыпу. Гэта нешта новае, з выкарыстаннем сённяшніх магчымасцяў, бо ў кожнага ёсць веласіпеды, ездзячы на якіх, дзеці абавязкова даведаюцца новае пра свой родны край. А ў Дзятлаўскім раёне вельмі шмат гістарычных, культурных і проста прыгожых мясцін”.

У канцы кожнага дня дырэктар лагера падводзіла вынікі, на якіх прадстаўнікі кожнай турыстычнай групы прадстаўлялі праекты-справаздачы згодна з атрыманымі заданнямі. Старшы выхавальнік стварыла хэштэг, каб выхаванцы і выхавальнікі лагера маглі публікаваць у сацыяльнай сетцы Instagram свае паведамленні і фатаграфіі, пазначаныя гэтым хэштэгам. Такім чынам нам удалося аб’яднаць нашу летнюю лагерную сям’ю. Я глыбока ўпэўнена, што створанае згуртаванне пад хэштэгам #УРОК_Узнавать_Родину_Обязан_Каждый і #лагер_спадчына дапамаглі не толькі ў рэкламе лагера, але і назаўжды пакінуць след у памяці кожнага дзіцяці.

“Лагер – гэта месца, якое немагчыма забыць, якое мы будзем успамінаць кожны год. Усё было прыдумана так, каб нам было весела і цікава, ніводнай хвіліны не было свабоднай. Мы пазнаёміліся з навучэнцамі, якіх раней не ведалі, хоць і вучыліся ў адной школе. Выхавальнікі заўсёды прыходзілі на дапамогу, што б ні здарылася. Яны дапамагалі нам рабіць праекты, і гэта было весела і цікава, лічылася як адпачынак, а калі б мы атрымалі такое заданне ў школе, то гэта было б як хатняе заданне. Адчуванні незабыўныя”, – падзяліліся сваімі ўражаннямі ад адпачынку ў лагеры Іларыя Салаўёва, Дар’я Петрыкевіч, Зарына Урублеўская, Яўгенія Багдзель, Дар’я Яраш.

Мы доўга не маглі расстацца з дзецьмі і задаваліся пытаннем: каму спадабалася больш – дзецям ці нам, дарослым…

Святлана УРБАН,
намеснік дырэктара лагера



Теги: