На пытанні адказвае старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў.
–Прэзідэнт падпісаў закон па змяненні Працоўнага кодэкса. Мы ведаем, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўваходзіла ў лік распрацоўшчыкаў гэтага дакумента. Які ўклад прафсаюзы ўнеслі ў гэты дакумент?
– Так, прыняцце змяненняў у Працоўны кодэкс для нас сапраўды вельмі важная падзея. Два гады мы працавалі над гэтым дакументам. Федэрацыяй прафсаюзаў было ўнесена каля 40 прапановаў па змене 30 артыкулаў Працоўнага кодэкса. Трэба адзначыць, што большасць з іх была ўлічана ў абноўленым кодэксе. Яны значна ўзмоцняць правы і гарантыі працоўных.
– Наколькі своечасовыя змены Працоўнага кодэкса і на чым вы асноўваліся, прапаноўваючы тыя ці іншыя праўкі?
Усе нашы прапановы сфарміраваны на аснове праблем, з якімі ў ФПБ звярталіся члены прафсаюза і працоўныя калектывы. Акрамя таго, мы штодня бываем на прадпрыемствах і ў арганізацыях, размаўляем з працоўнымі калектывамі і бачым, чым жывуць работнікі. Яны агучваюць нам свае праблемы, прапановы. Таму ўсе ініцыяваныя намі змены – гэта тыя запыты, якія прыйшлі да нас напрамую ад нашых членаў прафсаюза. Затым усе гэтыя моманты мы старанна адпрацоўвалі з нашымі сацыяльнымі партнёрамі. І дзякуючы канструктыўнай пазіцыі ўсіх зацікаўленых –і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, большасць з нашых прапановаў улічаны ў законапраекце.
–Людзі не раз выказваліся пра тое, каб працоўныя зносіны з добрасумленнымі работнікамі падаўжаліся на максімальны тэрмін. І Федэрацыя прафсаюзаў доўгі час лабіравала гэтыя пазіцыі.
– Гэта было адно з самых значных пытанняў –замацаванне ў Працоўным кодэксе гарантый занятасці для добрасумленных работнікаў. На працягу апошніх некалькіх гадоў мы адзначалі тэндэнцыю да павелічэння колькасці кароткатэрміновых кантрактаў. Прычым нярэдка такая практыка прыводзіла да ўтоенага скарачэння. У выпадку аптымізацыі кадраў людзям не падаўжалі кантракты,і чалавек заставаўся ні з чым: без работы, без выплат, без перанавучання. Менавіта таму мы настаялі на ўключэнні ў Працоўны кодэкс нормы, якая гарантуе падаўжэнне кантракту на максімальны тэрмін, калі ў чалавека няма спагнанняў. У новым Працоўным кодэксе замацавана: калі бакі вырашылі працягнуць працоўныя адносіны, то падаўжэнне кантракта ў межах пяцігадовага тэрміну яго дзеяння з добрасумленным работнікам ажыццяўляецца на максімальны тэрмін. Пасля заканчэння кантракту новы кантракт з добрасумленнымі работнікамі падпісваецца на тэрмін не менш за тры гады або заключаецца працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін. У Дзятлаўскім раёне таксама вялікая колькасць кантрактаў, заключаных на адзін год. У некаторых арганізацыях такіх кантрактаў каля 70 працэнтаў, што, на нашу думку, недапушчальна.
Таксама захавана норма аб тым, што прафсаюз мае права ўдзельнічаць у абмеркаванні ўмоваў кантракта работніка. Дадзеная норма накіравана на тое, каб не дапусціць парушэння правоў работніка за кошт не ўключэння ў кантракт гарантый, прадастаўленых работніку заканадаўствам, калектыўным дагаворам.
– Якія яшчэ змены будуць у абноўленым кодэксе?
– Уключана прапанаваная прафсаюзамі норма аб абмежаванні матэрыяльнай адказнасці работнікаў. Цяпер поўная матэрыяльная адказнасць дазваляе наймальнікам спаганяць штрафы, накладзеныя на арганізацыю, з работнікаў, з якімі заключаны кантракты. У выніку, штрафы, якія накладаюцца на арганізацыю, нельга будзе спагнаць з работнікаў.
Прафсаюзы змаглі адстаяць захаванне месячнага тэрміну паведамлення работнікаў аб змене істотных умоваў працы. Першапачаткова яго прапаноўвалася скараціць да тыдня. На наш погляд, такі тэрмін невялікі для таго, каб чалавек змог знайсці новае месца работы, калі ён не згодны са зменамі ўмоваў працы і вырашыў звольніцца.
Яшчэ адно змяненне Працоўнага кодэкса, ініцыяванае ФПБ, тычыцца абароны правоў працуючых пенсіянераў. Ім, у адрозненні ад іншых катэгорый работнікаў, не выплачваецца выхадная дапамога, калі яны звальняюцца з прычыны парушэння наймальнікам працоўнага заканадаўства. ФПБ абараніла пазіцыю аб выключэнні гэтай нормы з закона, каб да ўсіх работнікаў быў справядлівы падыход.
Работнікі, якія працуюць на адкрытым паветры або ў закрытых памяшканнях, якія не награваюцца, будуць мець права на дадатковыя сацыяльныя перапынкі не толькі ў зімовыя месяцы, але і ў іншы час года пры сярэднясутачнай тэмпературы паветра +10 градусаў. Такая тэмпература характэрная, напрыклад, для лістапада або сакавіка.
Яшчэ прыняты дадатак, у адпаведнасці з якім агульная працягласць прастояў не можа перавышаць сумарна шасці месяцаў на працягу каляндарнага года. Цяпер на працягу года можна некалькі разоў аб’яўляць прастой, і кожны раз ён павінен быць не больш за шэсць месяцаў. Гэтым часам злоўжываюць наймальнікі, а пакутуюць работнікі, у якіх на час прастою памяншаецца аплата працы.
Таццяна ГРЫЦУК