У цэнтры ўвагі – пытанні прафілактыкі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку Новаяльнянскага сельвыканкама былі падведзены вынікі работы за першае паўгоддзе 2019 года і акрэслены задачы надалей, а таксама абмеркаваны актуальныя пытанні прафілактыкі.

Акрамя членаў савета ГПАП, удзел у пасяджэнні прынялі медыкі, педагогі, праваахоўнікі, супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта. Паралельна для непрацуючых жыхароў сельсавета ладзілася ярмарка вакансій.

На пачатку сустрэчы з вынікамі аналізу стану законнасці і правапарадку на тэрыторыі Новаяльнянскага сельсавета за першае паўгоддзе 2019 года спецыялістаў службаў прафілактыкі пазнаёміла старшыня сельвыканкама Ірына Кунахавец. Яна зазначыла, што сярод актуальных мясцовых пытанняў, якія патрабуюць пільнай увагі, – алкагалізацыя насельніцтва, крадзяжы маёмасці, сямейны недабрабыт, бытавыя скандалы, супрацьпраўныя паводзіны непаўналетніх, барацьба з рэцыдыўнай злачыннасцю, садзейнічанне занятасці. Для іх вырашэння ў першым паўгоддзі было арганізавана восем пасяджэнняў савета ГПАП, на якіх праведзена прафілактычная работа з 37 жыхарамі. Паводзіны двух грамадзян разгледзелі з-за паведамленняў з міліцыі, васьмі – за знаходжанне п’янымі ў грамадскім месцы, чатырнаццаці – для працаўладкавання, таксама былі праведзены прафілактычныя гутаркі з двума сямейна-бытавымі скандалістамі, васьмю раней судзімымі грамадзянамі, ацэнена становішча ў трох ненадзейных сем’ях. Пераглядаліся і аднаўляліся спісы жыхароў сельсавета, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках і ў групах рызыкі, актуалізаваўся спіс дамоў, дзе збіраюцца грамадзяне асацыяльных паводзінаў для распіцця спіртнога. Шмат увагі надавалася рабоце аглядавай камісіі, наведванню домаўладанняў, захаванню пажарнай бяспекі. Па выніках аналізу былі прыняты рашэнні па рабоце савета ГПАП у другім паўгоддзі 2019 года. Плануецца актывізаваць работу грамадскіх фарміраванняў, праводзіць падворныя абходы і інфармаваць жыхароў, як пазбягаць крадзяжоў маёмасці, шырэй выкарыстоўваць практыку абмежавання ў дзеяздольнасці і накіравання ў ЛПП грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, больш увагі надаць прафілактыцы супрацьпраўных паводзінаў падлеткаў, абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх, арганізацыі вольнага часу падрастаючага пакалення.

Наступным пытаннем былі разгледжаны тры прадстаўленні раённага аддзела Следчага камітэта аб ліквідацыі парушэнняў закона, прычынаў і ўмоваў, якія паспрыялі ўчыненню злачынстваў. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі, як пазбегнуць падобнага ў далейшым.

Затым перайшлі да індывідуальнай прафілактычнай работы з грамадзянамі. На пасяджэнне савета ГПАП прыйшлі 10 жыхароў Новаяльнянскага сельсавета з 12 запрошаных. Некаторыя з іх неаднаразова разглядаліся на камісіях, мелі праблемы з законам, але прадаўжаюць выпіваць, скандаліць, ухіляцца ад работы. Сітуацыі разгледзелі розныя. Мужчына, напрыклад, адсвяткаваў дзень нараджэння сябра і п’яны быў затрыманы міліцыяй, за што заплаціў штраф. Яго папярэдзілі, што паўторнае парушэнне будзе каштаваць значна даражэй. Сем пытанняў тычыліся працаўладкавання і садзейнічання занятасці, у іх вырашэнні жыхарам сельсавета дапамагала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань. На жаль, не ўсе саіскальнікі выказалі ўпэўненае жаданне працаўладкавацца, паколькі некаторыя вядуць асацыяльны лад жыцця. Іх паводзіны застануцца на кантролі. Былі запрошаны на пасяджэнне і двое пажылых людзей, кожны са сваімі праблемамі. Калі жанчыне неабходна хутчэй прымаць рашэнне наконт накіравання на “зімоўку” ў сацыяльную ўстанову, паколькі яе кватэра непрыгодна для пражывання ў халады, то мужчыну варта проста ацаніць клопат і падтрымку роднага чалавека і памяняць свае далейшыя паводзіны.

Ірына СТЫРНІК



Теги: