Танкісты прывезлі на Дзятлаўшчыну перамогу

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Як 75 гадоў таму, наш танк Т-34 вярнуўся на радзіму з перамогай.

Гэтым разам – не з фронту, а са Свята мора, якое прайшло на Аўгустоўскім канале пад Гродна. Малады экіпаж ААТ “Граніт-Агра”, які прадставіў Дзятлаўшчыну ў “Плаванні на чым папала”, стаў лепшым сярод 11 каманд вобласці, атрымаў гран-пры конкурсу і пераможны кубак.

Адзначым, што, акрамя жартоўнай рэгаты, нашы спартсмены-аматары паўдзельнічалі ў чэмпіянаце вобласці па балотным футболе і згулялі  ў пляжны валейбол. Традыцыйна зборная Дзятлаўскага раёна была сярод пастаянных удзельнікаў свята, што сёлета дало свой плён.

Каманда ААТ “Граніт-Агра” выступала ў конкурснай праграме Свята мора пад кіраўніцтвам Дзяніса Трафімчыка, інжынера гаспадаркі.

– Вядома, мы спадзяваліся на перамогу, – падзяліўся сваімі ўражанняміад заплыву капітан каманды. – Мы зрабілі шмат намаганняў, каб танк атрымаўся такі “сапраўдны”.
Лейтматыў гэтага года – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзе ўтварэння Гродзенскай вобласці. Таму наконт выбару судна каманда не сумнявалася. Гранітаўцы яшчэ на этапе раённага турзлёту працоўнай моладзі ўразілі гледачоў рэканструкцыяй пераможнага танка Т-34 часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Да заплыву на Аўгустоўскім канале рыхтаваліся загадзя разам з групай падтрымкі – калегамі па працы.  Пра тое, чым здзіўлялі дзятлаўскія канкурсанты і што дапамагло перамагчы, газета “Перамога” спытала куратара каманды, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярыну Дубешка:
– Хто распрацоўшчык судна і галоўнае – як танк паплыў?

– Ідэю прыдумалі самі, а ўвасобіць яе дапамаглі нашы будаўнікі: чатыры бочкі, драўляная платформа, крыху натхнення – і гатова!

– Дзе выпрабоўвалі судна перад заплывам?

– Было адразу хрышчэнне боем. Першы спуск на ваду прайшоў на раённым турзлёце, дзе мы выйгралі заплыў “на чым папала”, атрымаўшы права прадставіць свой раён на абласных спаборніцтвах.

– Сярод удзельнікаў абласнога конкурсу быў не адзін танк і нават ваенная машына. Чым вылучаліся нашы?

– Я думаю, перамога склалася з дэталяў. Найперш, мы дасканала ўвасобілі выгляд  самаго танка і вайсковай формы баявога экіпажа з чатырох чалавек. Кульмінацыяй выступлення стаў пераможны салют.

– Кацярына, як вы дабіраліся да Аўгустоўскага канала? Па вадзе?

— Вядома, не. Усю нашу каманду разам з групай падтрымкі і наш Т-34 да месца правядзення спаборніцтваў даставіў транспарт гаспадаркі “Граніт-Агра”. Дзякуй дырэктару Станіславу Мазуру за тое, што падтрымлівае любыя нашы ініцыятывы.

У футбольным першынстве Дзятлаўшчыну прадставіла мужчынская зборная. І калі ў каманды плыўцоў была магчымасць патрэніравацца, падрыхтавацца да спаборніцтваў, то футбалісты-аматары згулялі ў балотны футбол адразу на абласным этапе. Маладыя людзі былі гатовы нават у гразі паказаць выдатны футбол.

– У каманду з шасці чалавек увайшлі работнікі нашай гаспадаркі, а таксама мае паплечнікі па раённым футбольным чэмпіянаце, – расказаў капітан Дзяніс Трафімчык. – Быў настрой на перамогу, была зладжаная гульня, але пакуль крыху не дацягнулі да “прызоў”.
Магчыма, нашым футбалістам не хапіла трэніровак ва ўмовах, прыбліжаных да рэальных. Але, як запэўніў вядучы спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда, гэта можна паправіць:

– У наступным годзе плануем згуляць у балотны футбол і на Дзятлаўшчыне, папярэднія дамовы на гэты конт ужо ёсць.

Па словах Дзмітрыя Казіміравіча, яго цешыць, што з некалі новых відаў спорту плаванне “на чым папала” і балотны футбол перарастаюць у спартыўны брэнд Гродзенскай вобласці.

Наталля АВЯРЧУК