Сустрэча пакаленняў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У Круцілавічах у фармаце адкрытага дыялогу прайшоў круглы стол са студэнцкім атрадам, які працуе ў ААТ “Граніт-Агра” .

Мерапрыемства арганізавалі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка.

На сустрэчы прысутнічалі старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, галоўны спецыяліст раённага савета ветэранаў Ядзвіга Гушча, галоўны бухгалтар раённага камітэта ГА ”БРСМ” Анастасія Цярэшка , начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка, начальнік аддзела па каардынацыі ідэалагічнай работы, справах моладзі і грамадскіх аб’яднаннях Гродзенскага аблвыканкама Наталля  Янулевіч, работнікі Данілавіцкага дома культуры.

На пачатку мерапрыемства Кацярына Хілімончык узгадала, што першага жніўня моладзь адзначыла дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, а 2019 год аб’яўлены Годам студэнцкіх атрадаў. Такое рашэнне было прынята на III Пленуме Цэнтральнага камітэта саюза моладзі. Затым пазнаёміла хлопцаў і дзяўчат з гісторыяй зараджэння студатрадаў.

З году ў год, з таго часу, як пачалі сваё існаванне студэнцкія будаўнічыя атрады, байцы бралі шэфства над школамі, дзіцячымі садамі, дамамі-інтэрнатамі. Яны стваралі дзіцячыя летнікі, праводзілі піянерскія зборы, дапамагалі ў рамонце школ, дапамагалі калгасам і саўгасам ва ўборцы ўраджаю, узводзілі народнагаспадарчыя аб’екты, працавалі ў розных галінах прамысловасці.

Рух моладзевых атрадаў хутка і масава развіваўся. У студэнцкіх атрадах маладыя людзі не толькі атрымлівалі добрую працоўную практыку па сваёй спецыяльнасці, але і напрацоўвалі вопыт, вучыліся шанаваць чужую працу, а таксама адаптавацца ў грамадстве.

Традыцыя, закладзеная шмат гадоў таму, атрымала працяг і ў нашы дні.
Дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па адраджэнні і развіцці студатрадаўскага руху ў Рэспубліцы Беларусь падтрымаў кіраўнік дзяржавы.

Сваімі ўспамінамі аб рабоце у студатрадах, якімі былі маладыя людзі раней, да чаго імкнуліся, што рабілі на карысць сваёй Радзімы падзяліліся Ганна Жых, Ядзвіга Гушча і Святлана Грос.

У сваю чаргу працоўная моладзь расказала, чым у наш час цікавяцца яны, чаму пайшлі працаваць у студэнцкія атрады.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне. Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык перадала Падзячнае пісьмо для ААТ “Граніт-Агра» за шматгадовую якасную арганізацыю работы студэнцкіх атрадаў у гаспадарцы.

На працягу ўсяго мерапрыемства для прысутных гучалі песні ў выкананні маладых артыстаў Данілавіцкага дома культуры.

Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: