Камандны дух і сумленная барацьба аб’ядналі ўдзельнікаў занальнага этапу штогадовых спаборніцтваў пад такой назвай.
Сёлета Дзятлаўшчына прымала гасцей з Зэльвенскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў.
Культурна-спартыўнае мерапрыемства для непаўналетніх прайшло пад эгідай Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, Упраўлення спорту і турызму, Упраўлення ўнутраных спраў, Галоўнага ўпраўлення адукацыі, Упраўлення культуры, камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ”.
За спартыўныя перамогі ў міні-футболе, стрытболе, валейболе пазмагаліся падлеткі, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа.
Адкрыццё гульняў прайшло на стадыёне “Колас” горада Дзятлава, дзе прысутных павіталі пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Залучан. Аляксандр Францавіч пажадаў удзельнікам спаборніцтваў сумленнай барацьбы і спартыўных поспехаў.
У спаборніцтвах у складзе дзятлаўскай каманды, акрамя падлеткаў, прымалі ўдзел супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Майсейчык, Дзмітрый Жыгала, Вадзім Міхалевіч. Гульні праходзілі на гарадскім стадыёне “Колас” і закрытых пляцоўках сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. У кожным відзе праграмы спаборнічалі па кругавой сістэме. Барацьба сярод раёнаў разгарэлася не на жарт. На мерапрыемстве працавалі валанцёры раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, якія забяспечвалі ўдзельнікаў гульняў пітной вадой.
Па выніках згуляных матчаў лепшымі сталі: у стрытболе – зборная Слонімскага раёна, у міні-футболе і валейболе – каманда Навагрудскага раёна. Ва ўпартай барацьбе крыху саступіла пераможцы каманда дзятлаўскіх валейбалістаў. Таксама нашы сталі другімі ў стрытболе і чацвёртымі – у міні-футболе.
Лепшая каманда ў кожным відзе спорту на занальным этапе зможа выступіць у фінальных стартах і пазмагацца за медалі чэмпіянату вобласці.
Наталля АВЯРЧУК