“Граніт-Агра” адсвяткаваў “Дажынкі” (+відэа)

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Трэцяга жніўня ў аграгарадку Круцілавічы як ніколі было шматлюдна і весела: у ААТ “Граніт-Агра” ладзіліся “Дажынкі”.

Вядучыя заклікалі ўсіх на свята і віншавалі прысутных з заканчэннем уборкі ўраджаю. Хвала і пашана хлебаробам, людзям, якія ад ранку да позняга вечара працавалі не пакладаючы рук – гэта камбайнавыя экіпажы Уладзіміра і Андрэя Гукішаў, Дзмітрыя і Сяргея Жыхоў, Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, Алега Грыба і Андрэя Сёмухі, Паўла Богдана і Івана Бутэнкі, Аляксандра Майсейчыка і Андрэя Круталевіча, Андрэя Літвінскага і Аляксандра Паршука, Аляксандра Кардаша і Аляксея Іванчыка, Аляксея і Юрыя Лашкоўскіх, Юрыя Буткевіча і Дзяніса Мазура, двух Аляксандраў Сіневічаў, Аляксандра Ганчара і Аляксандра Мацкевіча.

Апладысментамі сустракалі вадзіцеляў гаспадаркі, якія працавалі на адвозцы зерня.

Яны не аруць поле, не сеюць, не жнуць, не косяць, але ўся работа ў гаспадарцы пачынаецца з іх. Аб гэтых людзях можна гаварыць бясконца, бо вадзіцелі маюць багаты вопыт.

Словы вялікай удзячнасці за карпатлівую працу гучалі ў адрас агранамічнай службы, якую ўзначальвае Антон Тарасевіч, супрацоўнікаў інжынернай службы пад кіраўніцтвам Андрэя Падліпскага, а таксама работнікаў сушыльных агрэгатаў, дыспетчараў, запраўшчыкаў, кладаўшчыкоў, повараў, якія вызначаюцца працалюбівасцю і адказнасцю.

На свята былі запрошаны  першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Бортнік, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, старшыня Данілавіцкага сельсавета Ганна Жых, ксёндз-пробашч парафіі Святой Троіцы ў Стараельні віцэ-дэкан Дзятлаўскага дэканату ксёндз Віктар Захарэўскі. Звяртаючыся да хлебаробаў, яны адзначылі, што жніво – гэта нястомная і адказная праца за ўраджай, бо тэрміны, надвор’е дыктуюць свае ўмовы, а людзі працавалі, не лічачыся з асабістым часам. Новыя тэхналогіі дапамаглі дабіцца добрых вынікаў. Павялічваюцца пасяўныя плошчы зерневых культур, а гэта значыць, што ва ўсіх будзе на стале духмяны хлеб. За працоўныя дасягненні хлебаробы атрымалі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.

Па добрай традыцыі, каб у дамах было багацце і шчасце, а на наступны год – добры ўраджай, ксёндз Віктар асвяціў хлеб новага ўраджаю.

На працягу ўсяго мерапрыемства вясёлы настрой дарылі хлебаробам і гасцям свята  танцавальна-вакальнае шоу “На грани”, Дзмітрый Сяргееў і Вольга Змуршчык, а таксама Юлія Самусевіч, Аксана Садыкова.

 

Вольга ЮШКЕВІЧ