Дзень Мяляхавіцкага сельскага Савета

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Мяляхавіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” адбылося ў Мяляхавіцкім сельвыканкаме 16 жніўня пад кіраўніцтвам старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Удзел у сустрэчы прынялі старшыні раённых сельвыканкамаў.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Мяляхавіцкага сельскага Савета прысутных пазнаёміла яго старшыня Вера Добыш.

На тэрыторыі сельсавета размешчаны 12 населеных пунктаў і хутар Выгада, жыве 381 чалавек. З іх 189 – працаздольныя, 150 – пенсіянеры. У аграгарадку Белагурна 216 жыхароў, у вёсцы Харашкі – 39, у Мяляхавічах – 16, у Чураях – 5, у Ягаднай і Каменцы – па 2 чалавекі.

Надомным абслугоўваннем ахоплены 7 населеных пунктаў сельсавета.

На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 15 адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, сярод якіх 2 інваліды 1-2 групы. Абслугоўваюць іх два сацыяльныя работнікі.

На тэрыторыі сельсавета размешчана КСУП “Белагурна”, дзе працуюць 110 чалавек. Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 3476 гектараў, з іх пашні – 2244 гектары. Гаспадарка спецыялізуецца ў мяса-малочным напрамку.

На тэрыторыі сельсавета працуе 1 дзяржаўны магазін, 11 вёсак і хутар двойчы на тыдзень абслугоўвае аўтамагазін. Бытавыя паслугі насельніцтву аказвае КПП Наваельня.

Паштовае абслугоўванне насельніцтва сельсавета забяспечваецца пунктам паштовай сувязі аграгарадка Белагурна, які абслугоўвае Белагурна і Харашкі. Іншыя населеныя пункты наведвае паштовая мотадастаўка.

Медыцына ў сельсавеце прадстаўлена Мяляхавіцкім ФАПам, дзе мясцовае насельніцтва можа патрапіць на прыём або набыць лекі.

На тэрыторыі сельсавета размешчаны 2 помнікі загінулым воінам і землякам.

Дакладчык адзначыла, што адной з найбольш актуальных задач сельвыканкама з’яўляецца навядзенне санітарнага парадку ў населеных пунктах, іх добраўпарадкаванне. Для гэтага на працягу 2019 года былі праведзены 4 суботнікі, выпісаны 26 заўваг. З вяскоўцамі заключаюцца дамовы на вываз смецця, вялікая ўвага надаецца санітарнаму стану падворкаў. Таксама вядзецца пастаянная работа па пошуку гаспадароў і спадчыннікаў дамоў, якія пустуюць.

За апошнія гады вырашаны шэраг праблем, актуальных для насельніцтва сельсавета. Да прыкладу, праблему з пітной вадой у аграгарадку Белагурна зняла ўстаноўка ваданоснай вежы, штогод грэйдзіруюцца вуліцы аграгарадка і дарогі да вёсак сельскага савета.

Пасля абмеркавання дакладу, удзельнікі мерапрыемства наведалі сацыяльна значныя аб’екты сельскага савета.

Адзін з іх – магазін “Родны кут” – запомніўся добрым асартыментам, зручнай для пакупнікоў сістэмай самаабслугоўвання і галоўнае – ветлівымі прадаўцамі.

На ФАПе аграгарадка Белагурна гасцей сустракала фельчар Лізавета Фралова, якая зусім нядаўна прыбыла сюды па размеркаванні. Малады спецыяліст заўважыла, што працаваць у Белагурне ёй падабаецца: спрыяюць у тым ліку і бытавыя ўмовы.

На тэрыторыі майстэрні КСУП “Белагурна” гаворка ішла пра сёлетнюю ўборачную кампанію і дапамогу мясцовым жыхарам у зборы ўраджаю на прысядзібных участках.

У вёсцы Мяляхавічы ўдзельнікі семінара наведалі дом узорнага парадку і пагутарылі з яго гаспадыняй Алай Ігнатовіч. Фінальным пунктам экскурсіі стала наведванне фермерскай гаспадаркі І. Апанасіка.

На завяршэнні сустрэчы яе вынікі падвёў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Таксама ён выступіў са справаздачай аб развіцці сацыяльна-эканамічнай сферы Дзятлаўскага раёна ў першым паўгоддзі 2019 года.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: