Напоўненае духмяным хлебным водарам і шчырымі ўсмешкамі вяскоўцаў, у Дварцы сустрэлі свята каравая.
Яно стала чарговым пунктам у святочным маршруце раённага праекта “Дбайных людзей славім – весела час бавім”.
Як добрыя гаспадары, на дварэцкай зямлі гасцей сустрэлі караваем новага ўраджаю, які прэзентаваў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Кастанцін Вінцукевіч. Ён павіншаваў са святам землякоў і павітаў гасцей мерапрыемства – старшыню раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака, першага сакратара Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярыну Хілімончык, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталлю Калодка, намесніка начальніка аддзела Васіля Шыцько.
Свята на дварэцкай зямлі стала добрай нагодай падзякаваць усім, хто здабываў сёлетні каравай. Прыемную місію ўручыць узнагароды ўзяў на сябе выконваючы абавязкі кіраўніка камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Дварэц-Агра” Аляксандр Сачык. Сёлета гаспадарка заняла пятае месца ў раённым спаборніцтве на жніве. На яе палетках сабрана больш за 6,5 тон збожжа, ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур склала 26,9 цэнтнера з нектара. За ўборачную кампанію пяць з васьмі камбайнавых экіпажаў сталі тысячнікамі, чатыры вадзіцелі перавезлі звыш тысячы тон збожжа.
— Нізкі паклон вам, дарагія хлебаробы! – звярнуўся да аграрыяў Аляксандр Казіміравіч. – Дзякуючы вашаму старанню, прафесіяналізму, майстэрству і адказнасці мы маем багаты хлебны каравай.
Грашовымі прэміямі ад КСУП “Дварэц-Агра” былі адзначаны лепшыя на ўборцы збожжавых, зернебабовых культур і рапсу: камбайнеры Аляксандр Кастусік (намалаціў 1309 тон збожжа), Вячаслаў Кастусік (1436 тон збожжа), сямейны камбайнавы экіпаж у складзе Андрэя і Сяргея Ляўкевічаў (1441 тона збожжа). Сярод вадзіцеляў, лепшых на жніве, – Дзмітрый Маліка (перавёз 1364 тоны), Васіль Жых (1502 тоны), Мікалай Мікшут (1744 тоны – і гэта лепшы вынік у нашым раёне!). Таксама былі ўзнагароджаны работнікі сушыльнай гаспадаркі.
Уладзімір Казак адзначыў Падзякамі раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу працаўнікоў гаспадаркі, якія зрабілі важкі ўклад у сёлетні каравай. Гэта галоўны аграном КСУП “Дварэц-Агра” Сяргей Лабар, загадчыца збожжасклада Алена Кець, механізатары Анатоль Апанасік і Віктар Фабішэўскі (адзначыліся на прэсаванні саломы).
У час музычнай паўзы кранальным сюрпрызам для прысутных стаў вальс у выкананні дварэцкіх школьнікаў, чые бацькі працуюць у мясцовай гаспадарцы.
Падарункі працоўнай моладзі ад раённага камітэта ГА “БРСМ” прывезла Кацярына Хілімончык. Яна ўзнагародзіла лепшых маладых спецыялістаў гаспадаркі – эканаміста Ганну Якімчык, галоўнага заатэхніка Яўгена Сербіна, загадчыка майстэрні Андрэя Спасюка.
Пасля ўрачыста-віншавальнай часткі ўдзельнікаў свята запрасілі на стадыён, дзе каманды Дварэцкай сярэдняй школы, КСУП “Жукоўшчына” і Дзятлаўскага лясгаса пазмагаліся за лідарства.
Канкурсанты паказалі спартыўную падрыхтоўку, спрыт, камандны дух і дасціпнасць. Тым часам балельшчыкі каманд і госці свята, якія стаміліся ад спёкі, мелі магчымасць “асвяжыцца” пітной вадой ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў засені дрэваў. Па выніках конкурсу лепшымі сталі аграрыі, віцэ-чэмпіёнамі – работнікі лесу, прызёрамі – педагогі. На памяць аб эстафеце каманды атрымалі дыпломы і прызы.
Радуе той факт, што сельскія мерапрыемствы ў большасці сваёй сямейныя. Тут заўжды багата дзяцей рознага ўзросту разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Забавы знайшліся для кожнага – жадаючыя змаглі пакатацца на атракцыёнах, набыць цацкі або вырабы народных майстроў.
Для інфармацыі гасцей свята мясцовая бібліятка падрыхтавала тэматычную выставу, прысвечаную 70-годдзю гаспадаркі і 75-годдзю Гродзенскай вобласці.
На працягу мерапрыемства добры музычны настрой яго гасцям дарыў народны калектыў “Ятранка” і артысты Дзятлаўшчыны. Завяршылася свята выступленнем запрошанага цыганскага музычнага калектыву “Жемчуга” і дыскатэкай 90-х.
Наталля АВЯРЧУК