Дзятлаўская раённая бібліятэка арганізавала дзень адчыненых дзвярэй для сваіх чытачоў.
Бібліятэкар – прафесія не толькі творчая, гэта прафесія, якая патрабуе немалых ведаў у розных галінах навукі і культуры, літаратуры і мастацтва. А працаваць там можа толькі натхнёны чалавек.
На працягу дня для чытачоў праводзіўся бібліягід, дзе ў форме дыялогу паміж чытачом і бібліятэкарам ішла гаворка пра чытанне. Супрацоўнікі бібліятэкі расказалі пра асаблівасці прафесіі, тэхналагічныя працэсы. Карыстальнікі ў гэты дзень змаглі пазнаёміцца не толькі з работай аддзела абслугоўвання і інфармацыі, але і пабачыць іншыя аддзелы ўстановы. Дарослыя чытачы наведалі куток бібліятэрапіі, дзе бібліядоктар рэкамендаваў кнігі для душы і добрага настрою. Цыганка прапанавала прыняць удзел у бібліяваражбе і прадказвала будучыню. Карыстальнікі, у якіх была запазычанасць па кнігах, скарысталіся магчымасцю вярнуць кнігі ў бібліятэку.
У гэты дзень маленькія наведвальнікі здзейснілі падарожжа па кніжных паліцах “Бібліятэка – сябар на доўгія гады”. Да дня адчыненых дзвярэй у бібліятэцы была арганізавана выстава па гісторыі кнігадрукавання і пісьменства.
Вольга БОЙКА,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай бібліятэкі