Чарговы раз на ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” адбылася прыемная падзея: абнавіўся транспартны парк нашага прадпрыемства.
І зноў пашанцавала лепшаму вадзіцелю. Штогод генеральны дырэктар Валерый Гузень стараецца абнаўляць транспартны парк, падтрымліваць гэтую выдатную традыцыю, якая з’яўляецца добрым стымулам для паспяховай працы вадзіцеляў у далейшым. Спецыфіка нашай працы патрабуе спраўнага і надзейнага транспарту. Сёлета калектывам завода адзінагалосна быў выбраны самы малады вадзіцель Міхаіл Нячай, які і будзе ездзіць на новым аўтамабілі. На прадпрыемстве ён працуе трохі больш за чатыры гады, але за гэты досыць нядоўгі час паспеў заваяваць аўтарытэт сумленнага чалавека і надзейнага працаўніка. Добразычлівы да калег і, наогул, ён адзін з найбольш энергічных і адказных работнікаў нашага прадпрыемства. Маем гонар працаваць з такім чалавекам у адным калектыве.Ключы ад новага службовага аўтамабіля “ГАЗЕЛЬ-NEXT” сталі для Міхаіла выдатнай узнагародай за працоўныя поспехі.
Таісія САВІЧ,
старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”