Знайсці сваю нішу ў вырашэнні агульных задач

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаве прайшла ХХІІ справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Старшыня Дзятлаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ірына Жэгала трымала справаздачу за пяцігадовы тэрмін, таксама былі вызначаны далейшыя напрамкі дзейнасці, было выбрана новае раённае кіраўніцтва прафсаюза.

Цяпер у склад раённай арганізацыі ўваходзяць прафсаюзы Дзятлаўскага райвыканкама, прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Дзятлаўскім раёне, Казлоўшчынскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ, аддзела статыстыкі, упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, фінансавага аддзела, Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, папраўчай калоніі-пасялення № 26 пасёлка Гезгалы, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднацеплаабарона”, аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. Усе пярвічныя арганізацыі своечасова і ў поўным аб’ёме забяспечваюць утрыманне і пералічэнне прафсаюзных узносаў на рахунак райкама і абкама прафсаюза.

Раённы камітэт значную ролю адводзіць развіццю і ўмацаванню сацыяльнага партнёрства, і гэта дазваляе знайсці сваю нішу для кожнага з бакоў у вырашэнні агульных задач. Члены райкама, прафкамаў з’яўляюцца членамі райвыканкама, Савета дэпутатаў, якія разглядаюць і прымаюць рашэнні па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Многія прафсаюзныя лідары ўключаны ў склад інфармацыйных груп райвыканкама, арганізацый, устаноў.

Як адзначыла ў сваім дакладзе Ірына Жэгала, найважнейшым інструментам па абароне правоў і інтарэсаў работнікаў былі і застаюцца калектыўныя дагаворы і пагадненні. Гэта і паказчык узроўню сацыяльнага партнёрства, і работа, якая станоўча праводзіцца органамі ўлады раёна сумесна з прафсаюзамі і наймальнікамі.

У калектыўных дагаворах значнае месца займаюць пытанні паляпшэння ўмоў працы, прадугледжваецца павышаная аплата за неспрыяльныя ўмовы працы, памеры даплат за сумяшчэнне прафесій (пасад), прэміяльныя сістэмы аплаты працы, прадастаўленне дадатковых гарантый катэгорыям работнікаў, умовы пераводу работнікаў на кантрактную форму найму.

Так, напрыклад, у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў пры заключэнні кантрактаў работнікам устанаўліваецца дадатковы адпачынак да пяці каляндарных дзён, прадугледжваецца павышэнне тарыфнай стаўкі да 50 %. Выдзяляюцца сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці прафарганізацыі, для правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы пры МУС РБ пры заключэнні кантракту тарыфная стаўка павышаецца не менш чым на 30 % і прадастаўляецца дадатковы водпуск не менш за тры каляндарныя дні.

Прафсаюзнымі камітэтамі ажыццяўляецца пастаянны кантроль за правільнасцю прымянення кантрактнай формы найму ў тых установах, дзе работнікі пераведзены на кантракты. У арганізацыях выконваюцца ўмовы калектыўных дагавораў па прадастаўленні работнікам працоўных і сацыяльных водпускаў. Многія арганізацыі вольныя ад працы дні з захаваннем заробку прадастаўляюць работнікам пры ўступленні ў шлюб, нараджэнні дзіцяці, смерці блізкіх сваякоў. Бацькам, чые дзеці ідуць у 1 клас і з’яўляюцца выпускнікамі школ, даецца выхадны 1 верасня.

Важная задача, у вырашэнні якой прымаюць удзел прафсаюзы, – гэта арганізацыя аздараўлення дзяцей. У справаздачны перыяд райкам прафсаюза, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі праводзілі работу па арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў, спартыўна-аздараўленчай работы, арганізацыі вольнага часу членаў прафсаюза і іх сем’яў.

У планах работы райкама, прафсаюзных камітэтаў прадугледжана правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным прафесійным святам, Дню абаронцы Айчыны, Дню жанчын, Дню Перамогі, Дню пажылых людзей, Дню маці, навагоднім мерапрыемствам.

Таксама са справаздачай аб рабоце рэвізійнай камісіі Дзятлаўскага райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў за перыяд з 30 кастрычніка 2014 года па 30 мая 2019 года выступіла старшыня рэвізійнай камісіі Галіна Ермачэнка.

Вынікам канферэнцыі стала прызнанне работы Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў за перыяд з кастрычніка 2014 года па чэрвень 2019 года здавальняючай.

Удзельнікі канферэнцыі адкрытым галасаваннем абралі старшыню райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Ёю чарговы раз стала начальнік фінансавага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Жэгала.

Юлія БАКУНОВІЧ