Вопыт, якім хочацца падзяліцца

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна шмат гадоў плённа супрацоўнічае з Праваслаўнай Царквой па розных накірунках дзейнасці – ад вывучэння духоўных традыцый да дапамогі людзям у крызісных сітуацыях. Паміж установай і Дзятлаўскім благачыннем падпісана праграма аб супрацоўніцтве.

За час узаемадзеяння назапашаны багаты і цікавы вопыт, якім хочацца падзяліцца. Сёлета Цэнтр сацабслугоўвання актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Святло міласэрнасці”, які штогод праводзіцца ў нашай краіне ў рамках Рэспубліканскіх Калядных адукацыйных чытанняў па рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Як адзначыла дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і сёстры сястрынства ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай частыя госці ўстановы. Яны не толькі аказваюць духоўную апеку наведвальнікам аддзяленняў Цэнтра, але і дапамагаюць вырашаць праблемы жыхароў нашага раёна. Паколькі ўзаемадзеянне вядзецца ў розных сферах жыцця, то і праектаў для ўдзелу ў конкурсе будзе некалькі. Гэта “Благавест”, “Свецкая асоба ці духоўная”, “Дом міласэрнасці”, “Пад пакровам духоўнасці”, “Дарога да храма”, “З дабром у кожны дом”.

Таццяна Нікіпорчык упэўнена, што пытанні духоўнага і асабістага развіцця, умацавання сямейных узаемаадносінаў, барацьбы з негатыўнымі з’явамі ў грамадстве хвалююць кожнага чалавека на працягу жыцця, а таму супрацоўніцтва сацыяльнай службы і царквы будзе прадоўжана і надалей.

Ірына СТЫРНІК