У “Праменьчыка” дыплом “Славянскага базару”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Добрай традыцыяй для аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцва Дзятлаўскага раёна стаў удзел у Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў у Віцебску, які штогод ладзіцца ў рамках “Славянскага базару”.

Арганізатар фестывалю – грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў”. Удзел у ім прымаюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія займаюцца мастацкай творчасцю ў розных жанрах: паэзія, вакал, арыгінальныя жанры, танцавальнае, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У рамках сёлетняга форуму прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў розных накірункаў: канцэрты, конкурсы, выставы, творчыя сустрэчы.

“Праменьчыку” паездка ў Віцебск у 2019 годзе прынесла новыя дасягненні: нашы асаблівыя землякі зноў адзначаны высокай узнагародай – дыпломам першай ступені. Сёлета ўладальнікі першых прэмій у творчых намінацыях атрымалі яшчэ і памятныя медалі ў гонар ідэйнага натхняльніка фестывалю, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Ігара Лучанка. Упершыню “Славянскі базар” ладзіўся без удзелу мэтра, але памяць пра яго праходзіла чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства. Сімвалічна, што адзін з юбілейных памятны медалёў да 80-годдзя Ігара Лучанка прыехаў у Дзятлава.

Наведвальнікі аддзялення “Праменьчык” Аляксандр Калодка, Таццяна Уласевіч, Ульяна Лукашэня, Таццяна Рэгіневіч, Святлана Аўцюховіч пакарылі прафесійнае журы і гледачоў народным танцам “Спатканне”, выступіўшы ў намінацыі “Харэаграфія”.

Паспяховае выступленне, выдатны настрой ад знаходжання ў сталіцы знакамітага фестывалю горадзе Віцебску, наведванне на другі конкурсны дзень амфітэатра “Славянскага базару” пакінулі самыя яркія і незабыўныя ўражанні ў нашых землякоў.

Наведвальнікі фестывалю выказваюць ўдзячнасць за падрыхтоўку харэаграфічнага нумара і ўклад у перамогу спецыялісту Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Бузук. А за падораныя дні шчасця і арганізацыю паездкі ў Віцебск – раённай арганізацыі ГА “БелТІ” і яе старшыні Аксане Вырко. “Праменьчык” спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва, якое дазволіць адкрыць новыя гарызонты.

Алена КАЛЮЦІК,

загадчыца аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна