У Дзятлаўскім раёне вядуцца раскопкі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У выніку збору інфармацыі аб пачатковым перыядзе Вялікай Айчыннай вайны неаднаразова прадастаўляліся звесткі аб ваеннаслужачых Чырвонай арміі, якія загінулі ў першыя дні вайны пры спробе выйсці з акружэння і ўз’яднацца з дзеючай арміяй.

Гэтыя трагічныя падзеі праходзілі 27-29 чэрвеня 1941 года на ўчастку паміж вёскай Хадзяўляны і горадам Дзятлава.

У пачатку 2019 года паступіла інфармацыя па выяўленні ў полі (паміж Дзятлавам і Хадзяўлянамі) фрагментаў касцей, якія, як мяркуецца, належаць ваеннаслужачаму Чырвонай арміі. Было спланавана правядзенне пошукавых работ з раскопкамі на мясцовасці з удзелам 52-га асобнага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, грамадскага аб’яднання “Бацькаўшчына” Рэспублікі Беларусь і рэгиянальнага грамадскага моладзевага аб’яднання “Отечество” Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі.

З 30 ліпеня вайскоўцы і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў прыступілі да выканання работ на месцы, дзе, верагодна, загінулі вайскоўцы Чырвонай арміі. У першы ж дзень былі выяўлены астанкі чырвонаармейца. Цяпер вядзецца працяг пошукавых работ.

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна, калі хто-небудзь з вас валодае інфармацыяй, дзе ў зямлі знаходзяцца невядомыя пахаванні савецкіх салдат, партызанаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ці звесткамі аб месцы знаходжання пахавання чырвонаармейцаў каля дарогі Дзятлава – Хадзяўляны, якія загінулі ў чэрвені 1941 года, просім пісьмова паведаміць пра гэта ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна па адрасе: 231471, г. Дзятлава, вул. Перамогі, 13 або тэлефанаваць на нумар 8-01563-2-15-03 (з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін) вядучаму спецыялісту Вялянціну Абухаву. Ваша інфармацыя дапаможа ўстанавіць імёны загінулых абаронцаў Айчыны і пахаваць іх з захаваннем воінскіх рытуалаў і хрысціянскіх традыцый.

Вольга ЮШКЕВІЧ