У аб’ектыве – добраўпарадкаванне

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Родны горад, мястэчка, вёска, як і родны дом, патрабуюць увагі, клопату, падтрымкі і догляду з боку людзей.

Дзейнасць па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні падведамасных тэрыторый застаецца адной з важных задач і ў галіне сельскай гаспадаркі. У сувязі з гэтым, у Дзятлаўскім раёне праводзіўся агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы на аб’ектах вытворчага прызначэння сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна, жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў.

У перыяд правядзення конкурсу раённымі кіраўнікамі аналізавалася работа, накіраваная на стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы,  прафілактыку і папярэджанне вытворчага траўматызму і захворвання на вытворчасці, спрыяльныя санітарна-бытавыя ўмовы працы. Акрамя гэтага, вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню сельскагаспадарчых аб’ектаў і прылеглых да іх тэрыторый.

Аб тым, якія мерапрыемствы па арганізацыі добраўпарадкавання праводзяцца на аб’ектах гаспадаркі, падведамасных тэрыторыях, якім чынам вядзецца клопат пра людзей на вытворчасці падзяліліся спецыялісты і работнікі КСУП “Войневічы”.

На падведамаснай тэрыторыі КСУП “Войневічы” размешчаны тры фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, працуе малочна-таварны комплекс у Ёцавічах і малочнатаварная ферма ў Войневічах, у распараджэнні гаспадаркі – рамонтная майстэрня і машынны двор, пяць збожжаскладоў для захоўвання насеннага і фуражнага зерня, збожжасушыльны комплекс КЗСВ-30 у Войневічах і збожжасушыльная ўстаноўка М-819 у Прудзе.

Штогод у сельгаспрадпрыемстве праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні аб’ектаў гаспадаркі, прылеглых да іх тэрыторый: рамонт санітарна-бытавых памяшканняў, сельскагаспадарчых будынкаў,  замена абсталявання на вытворчасці, рэканструкцыя малочнатаварных комплексаў, пераўзбраенне машынна-трактарнага парку.

Работы па рэканструкцыі на малочнатаварным комплексе “Ёцавічы” пачаліся яшчэ ў 2012 годзе, канчаткова аб’ект уведзены ў эксплуатацыю ў 2018 годзе.

У працэсе рэканструявання для людзей былі палепшаны тэхналагічныя і бытавыя ўмовы працы.

На комплексе ўстаноўлены сучасныя даільныя ўстаноўкі,  выкарыстоўваецца круглагадовая стойлавая беспрывязная сістэма ўтрымання жывёл.

Сёння на малочнатаварным комплексе “Ёцавічы” ўтрымліваюцца 1500 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх – 870 галоў дойнага статку.

Для паляпшэння ўмоў працы работнікаў сельгасарганізацыі на комплексе сёлета быў пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю новы аб’ект – домік жывёлавода. Будынак адпавядае санітарным і супрацьпажарным нормам, абсталяваны неабходнай тэхнікай, мэбляй і інвентаром. Закуплены і ўстаноўлены шафы для захоўвання спецадзення, абсталявана  сем рукамыйных месцаў, працуюць тры душавыя памяшканні, пакоі для адпачынку абсталяваны неабходнай тэхнікай, сталовым посудам, камфортнай мэбляй.

Рамонты бытавых памяшканняў праведзены таксама на малочнатаварнай ферме ў Войневічах, мехмайстэрнях і іншых аб’ектах гаспадаркі. Палепшаны ўмовы адпачынку для працаўнікоў у мехмайстэрнях. Душавыя, рукамыйнікі, пакоі для прыёму ежы – усё зроблена проста, але камфортна і з густам.

У мэтах павышэння ўзроўню санітарнага стану аб’ектаў гаспадаркі

кожны месяц праводзяцца санітарныя дні, у час якіх работнікі сельгаспрадпрыемства ажыццяўляюць ачыстку і дэзынфекцыю памяшканняў для жывёл, прыбіраюць тэрыторыі вакол фермаў. У летні перыяд там, дзе можна, вызваляюць памяшканні ад жывёл, рамантуюць падлогу, кармушкі, каналізацыю, ацяпляльна-вентыляцыйныя прылады.

Асаблівую ўвагу надаюць даільна-малочным блокам і памяшканням для вырошчвання маладняку.

Для паляпшэння ўмоў і аховы працы, прафілактыкі вытворчага траўматызму і прафесійнай захваральнасці кіраўніцтава і вядучыя спецыялісты КСУП “Войневічы” вядуць пастаянную работу па стварэнні бяспечных умоў працы для работнікаў. На вытворчасці працуе кабінет па ахове працы. Распрацаваны і зацверджаны інструкцыі па ахове працы для ўсіх прафесій і відаў работ, якія выконваюцца на прадпрыемстве. Рабочыя своечасова забяспечваюцца неабходным спецаддзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны.

Штогод сельгаспрадпрыемства імкнецца абнавіць машынна-трактарны парк новай сельгастэхнікай. Так, апошнім часам  былі набыты ў лізінг два трактары МТЗ-82, столькі ж  трактароў МТЗ-1221, а таксама кормаўборачны камбайн КВК-800 і кормараздатчык.

Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку – гэта не аднаразавая акцыя, а цэлы комплекс мерапрыемстваў, штодзённая сістэматычная праца, карпатлівы і працаёмкі працэс па стварэнні ўмоў для жыццядзейнасці чалавека.

Прымаючы актыўны ўдзел у справах па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні аб’ектаў гаспадарання і тэрыторый вакол іх, дбайныя працаўнікі галіны сельскай гаспадаркі імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб

захаваць чысціню і парадак на падведамасных гаспадаркам тэрыторыях і сельскагаспадарчых аб’ектах, а таксама стварыць на рабочых месцах камфортныя і  бяспечныя для людзей умовы працы.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ