Развітанне з “Бухтай радасці”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Дзесяць навучэнцаў у чэрвені адпачылі ў аздараўленчым летніку дзённага знаходжання “Бухта радасці” Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Кожны дзень, пражыты ў лагеры, быў па-свойму памятным і насычаным рознымі відамі масавай, пазнавальнай, працоўнай дзейнасці на марскую тэматыку. Змена атрымалася цікавай, багатай на падзеі, сустрэчы, сумесныя справы. Асабліва яркімі сталі дні “Скарбы прыроды”, калі дзеці разам з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання “Праменьчык” адпачывалі ў вёсцы Глушыца; “Скарбы сяброўства” – у гэты дзень адпачывальнікі “Бухты радасці” ажыццявілі сяброўскі візіт да аднагодкаў у Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна.

Дзеці з задавальненнем наведвалі летнік, кожны дзень адкрывалі для сябе нешта новае, вучыліся быць карыснымі, займацца значнымі справамі.

Запамінальным было і мерапрыемства “Сяброўства – галоўны скарб вострава”, прысвечанае ўрачыстаму закрыццю змены ў “Бухце радасці”. У час яго рабяты ўзгадалі яркія моманты адпачынку, павесяліліся, паўдзельнічалі ў гульнях. Таксама былі падведзены вынікі: усе атрымалі граматы і прызы за актыўны ўдзел у жыцці летніка.

Лілія ШУМСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі



Теги: