Гэтай вясной стартаваў канцэртны марафон да 75-годдзя Гродзенскай вобласці. Ён паклаў пачатак абласной акцыі “Нам яшчэ 75” і стаў злучальнай ніткай урачыстых мерапрыемстваў ва ўсіх кутках Прынёмання. Кульмінацыяй марафона ў верасні стане ўрачысты юбілейны канцэрт у будынку Гродзенскай абласной філармоніі.
На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца эстафета віншаванняў равеснікаў Прынёманскага краю, якія сёлета сустрэлі ці яшчэ сустрэнуць свой 75-гадовы юбілей. 11 ліпеня калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на чале з Ганнай Харлінскай накіраваўся ў Парэцкі сельскі савет, дзе да іх далучыліся прадстаўнікі сельвыканкама і Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў. Маршрут атрымаўся такі: аграгарадок Хвінявічы – вёскі Раманавічы і Разважжа. Віншаванні прымалі тры жанчыны-юбіляркі, працаўніцы, шаноўныя людзі, равесніцы Гродзенскай вобласці.
Першай гасцей сустракала жыхарка аграгарадка Любоў Анісенка. Любоў Дзяменцьеўна – ураджэнка адной з вёсак Хойніцкага раёна, якой цяпер ужо няма на карце Беларусі. Пасля чарнобыльскай трагедыі яе сям’і давялося пакінуць родныя мясціны і перасяліцца на Дзятлаўшчыну. Жанчына ўзгадвае, што тут іх сустрэлі вельмі добра, сям’я прыжылася на гасціннай дзятлаўскай зямлі, якая стала для перасяленцаў другой радзімай. Юбілярка да выхаду на заслужаны адпачынак працавала аператарам Парэцкага спіртзавода. Сям’я Анісенкаў выгадавала двух дзяцей, дачакалася двух унукаў.
Урачыстае віншаванне стала для Любові Дзяменцьеўны сапраўдным сюрпрызам, і гаспадыня вельмі расчулілася. Гродзенскай зямлі, якую палюбіла ўсім сэрцам, Любоў Анісенка жадае далейшага працвітання, а яе жыхарам – здароўя і поспехаў.
Рэгіна Гоман з Раманавічаў, сустракаючы ўдзельнікаў акцыі, падзялілася з імі радасцю: у яе гасцююць абедзве дачкі і адзін з чатырох унукаў. Дзеці Рэгіны Канстанцінаўны выраслі годнымі людзьмі, прыязджаюць у бацькоўскі дом пры першай магчымасці.
Сама юбілярка ўсё жыццё пражыла на Дзятлаўшчыне, шмат гадоў адпрацавала ў сельскай гаспадарцы, была даяркай, паляводам. Цяпер яна радуецца поспехам сваіх унукаў і шчыра жадае ўсім жыхарам Гродзеншчыны міру і дабрабыту.
Усе 75 гадоў жыцця аддала вёсцы Разважжа Лідзія Грэбень. У свой час яна працавала на ферме: 20 гадоў – на дарошчванні цялят, некаторы час – на комплексе. Узгадвае, што побач заўсёды былі добрыя людзі, дружны калектыў. Лідзія Канстанцінаўна выгадавала двух дзяцей, мае пяцёра ўнукаў, праўнука. Шчасця, здароўя і доўгалецця юбілярка зычыць жыхарам вобласці, а роднай зямлі жадае квітнець і даваць шчодрыя ўраджаі.
Кожную з юбілярак Прынёманскага краю ўдзельнікі акцыі павіталі песнямі, падарункамі, кветкамі, шчырымі словамі віншаванняў, пажадалі жанчынам здароўя, шчасця, дабрабыту, плёну ва ўсіх справах, актыўнага даўгалецця.
На Дзятлаўшчыне жыве больш за дзве сотні людзей, якія сёлета сустракаюць свой 75-ы дзень нараджэння. Ёсць нагода сказаць кожнаму з іх: “Нам яшчэ 75”.
Ірына СТЫРНІК