Пакаталіся на дракары, паслухалі фісгармонію

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава грамадскага аб’яднання “Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі” любяць падарожнічаць разам. Як расказала старшыня пярвічкі Наталля Якабчук, кожная з такіх паездак становіцца сапраўднай падзеяй і запамінаецца надоўга.

Накіроўваючыся, напрыклад, у тэатр, вандроўнікі стараюцца абавязкова трапіць яшчэ і ў музей ці гістарычны комплекс. Цікавыя прапановы ім часта падае настаўніца школы Вольга Старыкава. Менавіта з яе ініцыятывы ў час апошняй паездкі ў сталіцу члены пярвічкі пабылі ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі Сула, які знаходзіцца ў Мінскай вобласці на ўскрайку Налібокскай пушчы.

Дзятлаўчане даведаліся, што гэты аб’ект з’явіўся на базе былога панскага маёнтка Ленскіх. Асабліва спадабалася, што ў Суле гучыць жывая беларуская мова, што тут створана інтэрактыўная гістарычная лінія часу, якая дазваляе “прайсці” этапы развіцця беларускай зямлі ад стаянак першабытных людзей да сучаснасці.

Нашых землякоў зацікавіў дом вікінгаў, узведзены па ўзоры скандынаўскіх пабудоваў 9-13 стагоддзя. Акунуцца ў свет слаўных ваяроў ім дапамагло плаванне на дракары – старажытна-скандынаўскім караблі-драконе (побач знаходзяцца возера і прычал). Уразіў мясцовы парк валуноў і самы буйны сярод іх камень у форме сэрца. Запомніліся і самабытныя пабудовы. А ў будынку калегіума дзятлаўчане пачулі, як гучыць фізгармонія – музычны інструмент, які нагадвае фартэпіяна. Ён быў папулярны ў Еўропе ў ХІХ стагоддзі.

Як зазначылі падарожнікі напрыканцы вандроўкі, у іх засталіся самыя лепшыя ўражанні ад наведвання комплекса Сула. Удзельнікі прафсаюзнай пярвічкі спадзяюцца арганізаваць яшчэ не адну паездку па знакамітых мясцінах Беларусі.

Ірына СТЫРНІК