У рамках акцыі “Беларусь памятае”, якая праходзіць да 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, творчы калектыў Данілавіцкага дома культуры наведаў вёску Зарой.
Мясцовыя жыхары сустракалі гасцей дружнымі апладысментамі. Кранальным было выступленне вядучай урачыстасці Таццяны Буча. Яна ўзгадала трагедыі ваеннага ліхалецця, імёны жыхароў Зароя, якія не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Памяць загінулых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Наступнымі на імправізаваную сцэну выйшлі ўдзельнікі добра вядомага не толькі на Дзятлаўшчыне, але і за яе межамі фальклорнага гурта “Суседачкі”. Загучалі песні пра Беларусь, пра беларускія вёскі. Асабліва цёпла гледачы сустрэлі песню “Вёсачка мая”, якая нагадала аб лёсе родных і блізкіх сэрцу неперспектыўных вёсак, якія дажываюць свой век.
Не менш спадабалася прысутным выступленне юных артыстаў. Гледачы з захапленнем слухалі песні ўзыходзячых зорачак Дзятлаўшчыны Дарыны Заваротнай, Алесі Адамчык, Анастасіі Бортнік, Яўгеніі Анушкевіч, Міланы Падліпскай.
Бадзёры настрой святу надало выступленне салісткі і акампаніятара Дома культуры Іны Анушкевіч. Яна выканала некалькі эстрадных песень. Кульмінацыйным момантам свята стаў вальс Перамогі. Яго разам станцавалі і артысты, і гледачы.
Вяскоўцы ўдзячныя артыстам за душэўную атмасферу і канцэрт, які вельмі спадабаўся.
Святаслаў САС
ад імя жыхароў вёскі Зарой