Гродзенцы выніковыя ў шоўдаўне

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Наш зямляк, удзельнік раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, наведвальнік аддзялення “Праменьчык” Віталь Крэйдзіч захапляецца тэнісам для сляпых – шоўдаўнам.

Гэты накірунак спорту для асаблівых людзей актыўна развіваецца на Гродзеншчыне. Трэнерам Віталя з’яўляецца гродзенец Сяргей Шкібель, які нядаўна стаў пераможцам міжнароднага турніру па шоўдаўне “Pisa Open-2019” (Італія). Такой прыемнай навіной вырашыў падзяліцца Віталь Крэйдзіч.

– Сяргей Шкібель – кандыдат у майстры спорту і мой добры сябар. Ён інвалід першай групы па зроку. На працягу некалькіх гадоў Сяргей паспяхова займаецца шоўдаўнам. У маі 2019 года ён прымаў удзел у міжнародным турніры па тэнісе для сляпых, які праходзіў у італьянскім горадзе Піза, дзе сустрэліся спартсмены з розных краін свету. З лікам 3 : 1 гродзенец перамог другую ракетку свету, мінулагодняга трыумфатара спаборніцтваў паляка Крысціяна Кісяля і стаў сёлетнім чэмпіёнам турніру “Pisa Open-2019” .

У Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” адзначаюць, што поспех нашага земляка Сяргея Шкібеля стаў магчымы, дзякуючы карпатлівай падрыхтоўчай рабоце пад кіраўніцтвам трэнера Андрэя Грынко. Гэта першая перамога прадстаўнікоў нашай краіны ў такім відзе спорту. У кастрычніку 2019 года Сяргей зноў будзе прадстаўляць нашу рэспубліку ўжо на Чэмпіянаце Еўропы па шоўдаўне.

Поспехі суайчынніка – яркі прыклад таго, што нават страціўшы зрок не варта апускаць рукі. Калі чалавек імкнецца да лепшага, ён абавязкова дабіваецца поспехаў. У планах гродзенскіх актывістаў-спартсменаў – развіваць шоўдаўн, “ісці” ў рэгіёны, адшукваць таленавітых людзей і дабівацца, каб тэніс для сляпых уключылі ў склад паралімпійскіх гульняў, бо гэты від спорту заслугоўвае папулярнасці.

Ірына КАЎКЕЛЬ