Дзятлаўчане расказалі, што для іх значыць Дзень Незалежнасці

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

3 ліпеня Рэспубліка Беларусь урачыста адзначае Дзень Незалежнасці. Дзятлаўчане расказалі, што для іх значыць незалежнасць сваёй краіны.

Канстанцін Вінцукевіч, старшыня Дварэцкага сельскага савета:

– Гэтае свята ўлілося ў наша сённяшняе жыццё як неад’емнае цэлае. Я адчуваю гонар за краіну, за дзяржаву. Мы павінны будаваць сваю дзяржаўнасць: развіваць эканоміку, культуру і галоўнае – шанаваць традыцыі беларускага народа. У нас вельмі добра захоўваюцца народныя традыцыі: ствараюцца музеі, ладзяцца разнастайныя святы, фестывалі. У кожным мястэчку, у кожнай вёсцы ёсць нешта сваё «адметнае», нацыянальнае. Мне асабліва падабаецца, што гэтым таксама цікавіцца моладзь.

Яшчэ гэтае свята асацыіруецца з Днём вызвалення. Вельмі важна, што яму папярэднічае Дзень усенароднай памяці, калі мы ўспамінаем тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы.

Віншую ўсіх са святам, жадаю бадзёрасці і аптымізму!

Іна Орсік, дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Дзень Незалежнасці –гэта значная дата для ўсіх беларусаў. Яна нагадвае аб тым, якой цаной дасталася нашаму народу незалежнасць, падкрэслівае яе каштоўнасць і прымушае задумацца пра будучыню. Акрамя таго, як і любое свята, 3 ліпеня аб’ядноўвае народ, дорыць станоўчыя эмоцыі і ўсмешкі, што таксама вельмі важна. Гэта выдатная нагода правесці час з сям’ёй або сябрамі ў святочнай абстаноўцы.

Вераніка Губар і Ульяна Сарачынская, навучэнкі Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– У гэты святочны дзень, гледзячы, як людзі радуюцца, бачыш усю прыгажосць, дабрыню, шчырасць, моц сваёй краіны і адчуваеш сябе ў сваёй сям’і, у сябе дома ўтульна і абаронена. А гэта як раз тое, што дае кожнаму адчуванне спакою, упэўненасці. Для нас Дзень Незалежнасці – гэта свята, калі кожнага чалавека напаўняе гонар за нашу дзяржаву, за тое, што Беларусь сёння на карце свету – самастойная краіна.

Лілія Коласава з унучкай Аляксандрай:

–У значную дату 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы ганарымся сваёй гісторыяй, сваёй дзяржавай, тым, што мы жывём у мірны час. У гэты значны для нашай краіны дзень мы аддаём даніну памяці людзям, якія ваявалі за нашу свабоду. Яны аддавалі жыццё за Радзіму, дзякуючы ім мы цяпер можам развівацца, жыць, атрымліваць асалоду ад жыцця, вучыцца, працягваць свой род.

Усім хочацца пажадаць мірнага неба над галавой, нашым ветэранам – даўгалецця, а падрастаючаму пакаленню свята захоўваць традыцыі беларускага народа.

Таццяна ГРЫЦУК



Теги: