У Гродзенскім абласным эколага-біялагічным цэнтры адбыўся семінар у рамках міжнароднага праекта “Здаровыя рэкі – здаровыя мы – здаровае мора” пад кіраўніцтвам Наталлі Парэчынай, каардынатара праекта Цэнтра экалагічных рашэнняў горада Мінска і Кааліцыі Чыстая Балтыка.
У ім прынялі ўдзел і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Цікавая праграма семінара прыцягнула нас да ўдзелу ў дадзеным праекце і выканання розных заданняў: “Забруджванне прыродных вадаёмаў мікрасмеццем: праблема, метады вывучэння”, “Інвентарызацыя водных аб’ектаў Беларусі”, “Даследаванне крыніц і вытокаў рэк”, “Вызначэнне нітратаў у пітной вадзе”, “Складанне стужкі рэк – прытокаў Нёмана”.
З сакавіка па чэрвень навучэнцы школы зрабілі ўжо нямала. Складзена стужка з 10 прытокаў Нёмана (вучні вязалі квадраты 20 на 20 сантыметраў і рабілі надпісы нашых рэк, такіх як Трыцаўка, Ваўчанка, Шчара, Хлеўная і інш). Усе дзесяць лапікаў з назвамі рэк перададзены ў Цэнтр экалагічных рашэнняў горада Мінска, дзе яны будуць сшытыя з іншымі рэкамі і атрымаецца агульная стужка прытокаў Нёмана.
Таксама навучэнцы школы вызначылі ваду на наяўнасць нітратаў у 25 крыніцах гарадскога пасёлка Казлоўшчына і бліжэйшых вёсак (Мядзвінавічы, Скіпоравічы, Ананічы, Дзянісава). Жыхарам пасёлка раздадзены буклеты аб наяўнасці нітратаў у пітной вадзе.
Наша праца працягваецца, ужо зроблены тры пробы вады з мясцовых вадаёмаў на наяўнасць мікрапластыку і адпраўлены ў Мінск для далейшага вывучэння.
Мы дзякуем Цэнтру экалагічных рашэнняў за прадастаўленую нам магчымасць вывучыць ваду, далучыцца да такога важнага праекта. Мы ўпэўнены ў тым, што, калі будзе чыстай наша рака, здаровымі будзем мы, здаровым будзе мора і ўся наша планета. Мы пачалі з маленькай кропелькі, каб яна перарасла ў вялікае мора.
Тамара БУЯК,
настаўніца біялогіі Казлоўшчынскай сярэдняй школы