З нецярпеннем чакаю кожны новы дзень

Грамадства Свежыя навіны

Летнія канікулы – любімы час хлопчыкаў і дзяўчынак. Я не выключэнне. Звычайна бацькі адпраўлялі мяне да бабулі ў вёску, а сёлета мне захацелася ў летнік.

Штогод у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, дзе я вучуся, летам дзяцей заклікае “Усмешка”.

Я вырашыла адпачыць менавіта ў школьным лагеры, бо стала цікава, як можна адпачываць у школе, дзе ведаеш кожны куток. Аднак з першых дзён змены аказалася, што здзіўляцца ёсць чаму.

Я трапіла ў чацвёрты атрад, дзе сабраліся мае равеснікі, таму знаёміцца ​​нам не спатрэбілася. Працуюць з намі нашы настаўнікі. Змена называецца “У падарожжа з Буслiкам за 18 дзён”, таму ў нас не атрады, а “турыстычныя фірмы”, якім мы разам прыдумалі назвы. Кожная раніца ўсіх чатырох “турфірмаў” пачынаецца з зарадкі на вуліцы, затым – лінейка, сняданак, мерапрыемствы.

Самай запамінальнай падзеяй для мяне стала адкрыццё змены. Чакалі яго з нецярпеннем, рэпеціравалі кожны дзень – мы ж самы старэйшы атрад, а на падрыхтоўку было толькі тры дні.

І вось кожная “турфірма” прадставіла свой самалёт, на якім адпраўлялася ў падарожжа з Буслікам. Адкрыццё змены было багатым на песні і вершы і надоўга запомніцца наведвальнікам “Усмешкі”.

Змена ў летніку ў самым разгары. Мы гуляем, удзельнічаем у конкурсах, спяваем усім атрадам. Цікава прайшоў флэшмоб, калі пад музыку паказвалі танцавальныя рухі малечы, а яны паўтаралі іх пацешна і весела. Я з нецярпеннем чакаю кожны новы дзень у летніку, паколькі ён абяцае цікавыя прыгоды.

Валерыя ДАНІЛЬЧЫК,
навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава



Теги: