З богам у сэрцы для жыцця на зямлі

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У маі гэтага года споўнілася 50 гадоў з дня смерці былога протаіерэя Дзятлаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы Іаана Комара (Івана Мікалаевіча Комара). Яго ведалі, яшчэ і цяпер памятаюць многія прыхаджане храма, жыхары Дзятлава.

З богам у сэрцы айцец Іаан набліжаў Перамогу нашага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тэму для аповеду пра Івана Комара падказалі жыхары нашага горада, а звесткі пра яго запісаны са слоў тых, хто ведаў і памятае святара. Шмат матэрыялаў захоўваецца ў сямейным архіве ўнучатай пляменніцы Івана Комара – Наталлі Валяк, музеі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, гімназіі. Хто ж ён, протаіерэй Іаан Комар?

Будучы святар нарадзіўся ў вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна 18 кастрычніка 1888 года ў шматдзетнай сям’і. У яго былі тры браты і тры сястры. У той час жыць вялікай сям’і было складана, але ўсе дзеці змаглі атрымаць адукацыю. Іван і два яго браты сталі святарамі. Яшчэ дзін брат быў настаўнікам. Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я аказалася ў ліку бежанцаў. Іван Мікалаевіч застаўся жыць у мястэчку Дзятлава, пачаў служыць у мясцовай царкве. Тут для яго быў пабудаваны жылы дом. Жаніўся ён з Лідзіяй Латушынскай. Родных дзяцей у сям’і не было, усё сваё жыццё Іаан Комар прысвяціў служэнню Богу і народу.

Айцец Іаан выказаў думку і жаданне прадоўжыць будаўніцтва новага цаглянага Спаса-Праабражэнскага сабора, у свой час спыненае Першай сусветнай вайной. Праўда, быў распрацаваны другі праект новага храма (першы створаны Гродзенскім губернскім архітэктарам у сакавіку 1907 года, у кастрычніку – зацверджаны ў Пецярбургу будаўнічым камітэтам Прасвяцейшага Сінода). Праект 30-х гадоў адрозніваўся ад першапачатковага. Як павінен быў выглядаць новы сабор паводле другога праекта, нагадваюць шаты (сень) унутры храма, пад якой знаходзіцца плашчаніца. Шаты зроблены айцом Іаанам. Ён і змяніў праект 1907 года. Для новага храма патрэбна была пляцоўка. Тады прыхаджане паставілі драўляную царкву на круглыя бярвенні і перацягнулі яе з дапамогай некалькіх дзясяткаў коней на тое месца, дзе яна знаходзіцца і цяпер. Падмурка ў яе не было – меркавалі, што гэта часова, што будзе пабудаваны новы каменны храм. Але будаўніцтва новага храма спынілі падзеі 1939 года і Вялікай Айчыннай вайны.

У канцы чэрвеня 1941 года мястэчка Дзятлава захапілі нямецка-фашысцкія акупанты. Пасля бою адступаючых чырвонаармейцаў з нямецкімі войскамі паміж вёскай Хадзяўляны і Дзятлавам засталося шмат забітых і параненых салдат Чырвонай арміі. Іаан Комар звярнуўся да нямецкага камандавання, каб дазволілі пахаваць загінулых па хрысціянскім абрадзе. Салдаты былі пахаваны. Параненых чырвонаармейцаў накіравалі ў шпіталь, дзе працаваў доктарам Мікалай Гулецкі. Прадуктаў харчавання для іх было недастаткова. Тады Іаан Комар звярнуўся з просьбай аб дапамозе да прыхаджан. Ад нямецкіх уладаў быў атрыманы дазвол, ежу для шпіталізаваных гатавалі на тэрыторыі каля царквы.

З утварэннем партызанскіх атрадаў медыкаменты спатрэбіліся і для параненых партызан. Мікалай Гулецкі, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, здабываў лекі ў шпіталі, айцец Іаан перадаваў іх партызанам. Чырвонаармейцы, якія падлячыліся ў шпіталі, перайшлі ў партызанскія атрады. За час акупацыі Іаан Комар, які карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод прыхаджан, праявіў лепшыя якасці сваёй асобы – чалавечнасць, дабрыню, міласэрнасць. Па хадатайніцтве святара выратаваны жыцці многіх яўрэяў, нямала мірных жыхароў пазбеглі вывазу ў Германію, а ў пачатку ліпеня 1944 года ад расстрэлу змаглі ўратавацца дзесяць вязняў Дзятлаўскай турмы.

Пра бацюшку і сёння памятаюць старажылы не толькі Дзятлава, але і навакольных вёсак.

Мой бацька, Іван Буднік, перад вайной тры месяцы служыў участковым інспектарам міліцыі ў Навагрудку. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Дзятлаве, быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і накіраваны ў турму. Бацьку пагражаў расстрэл. Айцец Іаан Комар сабраў подпісы мясцовых жыхароў аб тым, што Іван Буднік з’яўляецца добранадзейным жыхаром горада. Па хадатайніцтве святара бацьку вызвалілі з турмы, – успамінае сын выратаванага Вячаслаў Буднік, жыхар горада Дзятлава.

Ігнат Глубокі і яго сям’я  былі арыштаваны за сувязь з партызанамі, але вызвалены з турмы таксама дзякуючы  Івану Мікалаевічу Комару.

У гады вайны ў храме была праведзена незвычайная медыцынская аперацыя. Вось што пра гэта расказаў былы загадчык арганізацыйнага аддзела Дзятлаўскага райкама партыі Аляксандр Лях:

— У маі 1969 года да мяне ў кабінет завітаў былы камандзір партызанскага атрада Валянцін Біцько. Ён прыйшоў адразу пасля ўдзелу ў пахаванні пратаіерэя Дзятлаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы Іаана Комара, каб расказаць гісторыю свайго выратавання. Аказалася, што ў час правядзення партызанамі разведвальнай аперацыі Валянцін Біцько быў цяжка паранены: куля навылет прабіла дзве шчакі. Каб выратаваць яго, звярнуліся да Мікалая Гулецкага, аднак у шпіталі аперацыю рабіць было нельга. Мікалай Гулецкі папрасіў дапамогі ў айца Іаана. Рызыкуючы для выратавання чалавечага жыцця, праявіўшы вялікую мужнасць і адвагу, святар даў благаславенне правесці аперацыю каля алтара храма. Так з Богам у сэрцы і любоўю да чалавека служыў Царкве і Радзіме айцец Іаан Комар.

Добрым словам успамінаюць старажылы горада Дзятлава дзейнасць протаіерэя Іаана і пасля вайны. Ён застаўся ў памяці дзятлаўчан добрым святаром, мудрым настаўнікам, душэўным і праўдзівым чалавекам. Вось што пра яго ўзгадвае былы паштальён Дзятлаўскага аддзялення сувязі Барыс Гульніцкі:

У сярэдзіне 1957 года на імя айца Іаана Комара быў дасланы грашовы перавод. Я выплаціў перавод адрасату, пайшоў далей разносіць пошту. Калі вяртаўся назад, каля варот святара мяне чакала матушка Ліда, запрасіла зайсці да айца Іаана. За сталом сядзеў ён сам, а на стале ляжалі грошы. Аказалася, што я памыліўся і выдаў на 100 рублёў болш, чым было патрэбна. І сёння памятаю гэты сумленны ўчынак Іаана Комара.

Узгадваюць прыхаджане і такі эпізод з жыцця бацюшкі. Па сумесным рашэнні з жонкай айцец Іаан усынавіў падлетка, якога звалі Васілём, родам ён быў са Смаленшчыны. Прыёмныя бацькі імкнуліся выхаваць у Васіля любоў да Бога і людзей. Гэта ў іх атрымалася: сын стаў святаром, вярнуўся на сваю радзіму, там стварыў сям’ю. Дачка Васіля нават прыязжала ў Дзятлава.

У 50-60-я гады мінулага стагоддзя ў краіне прадоўжыліся ганенні на царкву. У многіх вёсках закрывалі праваслаўныя і каталіцкія храмы. Дзятлаўская Спаса-Праабражэнская царква дзейнічала ўвесь час, дзякуючы протаіерэю Іаану Комару.

Іван Мікалаевіч Комар памёр 23 мая 1969 года, пахаваны на Дзятлаўскіх могілках сярод блізкіх. Вядома, што ў апошні шлях яго выпраўлялі амаль усе жыхары Дзятлава. Пратаіерэй Іаан Комар застаўся ў памяці людзей не толькі як мудры святар, але і як добры, спагадлівы, самаадданы чалавек.

P. S. Шчыра дзякую людзям, якія дапамаглі сабраць звесткі для гэтага артыкула, асабліва Наталлі Міхайлаўне Валяк.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,

краязнаўца



Теги: