Навучэнцы дзясятых класаў горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна наведалі 11-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду, што дыслакуецца ў Слоніме.
Правядзенне такіх экскурсій накіравана на фарміраванне ў будучых абаронцаў Айчыны маральна-псіхалагічных якасцяў, падрыхтоўку да выканання доўгу па абароне Радзімы, развіццё ў іх навыкаў паводзін і дзеянняў у адпаведнасці з патрабаваннямі агульнавоінскіх статутаў.
– Падобныя мерапрыемствы дазваляюць юнакам азнаёміцца з узбраеннем, ваеннай тэхнікай, жыццём і побытам вайскоўцаў, выклікаючы тым самым вялікую цікавасць да службы. Маладыя людзі, знаходзячыся на тэрыторыі брыгады, пераадольваюць страх перад заклікам на тэрміновую ваенную службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. І разумеюць, што гэта зусім не тое, што ім раней здавалася, – расказаў Аляксандр Ляўковіч, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
Як адзначылі педагогі і самі вучні, на занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы асноўны націск робіцца на тэорыю. А ў механізаваным злучэнні школьнікі на практыцы ўбачылі, як нясуць службу вайскоўцы брыгады.
Юнакам была прапанавана экскурсія па размяшчэнні вайскоўцаў, дзе яны даведаліся, як праходзіць ваенная служба і з чаго складаецца побыт салдат.
Хлопцы наведалі трэнажорны корпус, дзе паспрабавалі сябе ў ролі механікаў-вадзіцеляў танка і БМП. Самую вялікую цікавасць у іх выклікала зброя. Юнакі змаглі разабраць і сабраць аўтамат, снарадзіць яго магазін патронамі.
Кацярына ЯНУШЭВІЧ