Як мы рыхтуемся да свята

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Адказваюць бібліятэкары Дзятлаўскага раёна

Марыя Шалесная, бібліятэкар Лявонавіцкай сельскай бібліятэкі-клуба:

– Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашай бібліятэцы аформлена кніжная выстава “Гісторыя Перамогі”. Адзін з раздзелаў выставы “Яны прынеслі Перамогу” прысвечаны нашым ветэранам-аднавяскоўцам, дзе змешчаны іх фотаздымкі, аформлены альбом “Вечны агонь памяці” з успамінамі ветэранаў, якіх, на жаль, няма побач з намі. Вялікую цікавасць у чытачоў выклікае сабраны матэрыял пра нямецка-акупацыйны рэжым на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, шчыра запрашаем усіх жадаючых наведаць нашу фотазону “1941-1945 гады”, дзе можна зрабіць фотаздымак на памяць

Алена Якаўчык, бібліятэкар Раготнаўскай сельскай бібліятэкі:

–Да знамянальнай даты, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Раготнаўскай сельскай бібліятэцы аформлена кніжная выстава “Нам жыць і помніць”. Кнігі, прадстаўленыя тут, расказваюць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны з самага яе пачатку і да апошніх дзён, пра герояў і бессмяротны подзвіг нашага народа.

Наведвальнікі аздараўленчага летніка “Усмешка” з задавальненнем чытаюць творы Алеся Корнева, Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі. Гэтыя паэты не толькі бачылі і перажылі жахі вайны, але многім з іх давялося ваяваць самім. Паэзія ваеннага часу — непасрэдныя ўражанні тых, хто набліжаў Перамогу, таму і сённяшняга чытача яна не пакідае раўнадушным.

Святлана ГРЫШЫНА



Теги: