Віншаванні і грашовая дапамога

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У сувязі са святкаваннем 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 сакавіка 2019 года № 118 “Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі”, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама выплаціла аднаразовую матэрыяльную дапамогу 42 жыхарам нашага раёна, на лёсах якіх свой адбітак пакінула Вялікая Айчынная вайна.

Сярод атрымальнікаў выплат інваліды і ўдзельнікі вайны, нашы землякі, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якия загінулі на вайне або зніклі без вестак, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў і гета, інваліды з дзяцінства з-за ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі.

З кветкамі і пажаданнямі доўгіх гадоў жыцця ў адзін з чэрвеньскіх дзён госці завіталі да былога вязня фашысцкага канцлагера, жыхаркі горада Дзятлава Яўгеніі Антонаўны Хайко. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель пажадала, каб мірнае жыццё прыносіла жанчыне толькі радасць, задавальненне і добрыя весткі. Кветкі ад моладзі Дзятлаўшчыны падарыла Яўгеніі Антонаўне першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Такія знакі ўвагі да людзей, чый лёс апаліла Вялікая Айчынная вайна, пацвярджаюць, што і праз 75 гадоў мірнага жыцця ў Беларусі нашчадкі памятаюць іх подзвігі і заслугі.

Ірына КАЎКЕЛЬ  



Теги: