У раённага савета ветэранаў – новы старшыня

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

На гэтай пасадзе былога лідара арганізацыі Леаніда Кашко змяніў Міхаіл Губар, які ў свой час узначальваў Казлоўшчынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй. Адметна, што працоўную кар’еру Міхаіл Яўгенавіч пачынаў слесарам у Дзятлаўскай сельгастэхніцы, якой тады кіраваў Леанід Кашко. Цяпер ён пераняў эстафету кіраўніцтва раённай ветэранскай арганізацыяй у свайго старэйшага калегі і паабяцаў прадоўжыць лепшыя традыцыі аб’яднання.

Рашэнне аб перадачы паўнамоцтваў было прынята 4 чэрвеня на пленуме Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў. Акрамя членаў арганізацыі, у мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, першы намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’ядання ветэранаў Аляксандр Караленка, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

На парадак дня былі вынесены тры пытанні: “Аб задачах ветэранскіх пярвічных арганізацый раёна па падрыхтоўцы і святкаванні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці”; “Аб заяве старшыні Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Леаніда Кашко наконт вызвалення ад выканання абавязкаў”, “Аб выбранні старшыні Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў”.

Выступаючы з дакладам, Леанід Кашко расказаў удзельнікам пленума, як працуе раённы савет ветэранаў, спыніўся на падрыхтоўцы да святкавання юбілейных дат. Ён зазначыў, што Дзятлаўская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў налічвае 30 пярвічных ветэранскіх арганізацый, а гэта больш за 7300 ветэранаў.

У раёне жывуць 7 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Праблемы пажылых людзей знаходзяцца на пастаянным кантролі. Многае ў раёне зроблена для захавання памяці загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны: праведзена інвентарызацыя воінскіх пахаванняў, капітальны рамонт мемарыяльнага комплексу “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве, помніка загінулым у гады вайны аграгарадка Гезгалы, брацкай магілы партызанам і мірным жыхарам у гарадскім парку Дзятлава, абеліска Славы ў Дзятлаве. Сродкі, сабраныя пры правядзенні суботніка, накіраваны на капітальны рамот помніка І. Філідовічу ў Дзятлаве, І. Фурсенку ў Наваельні, помніка ва ўрочышчы Відугіры, дзе пахаваны расстраляныя мірныя жыхары. Зацверджаны план па падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі. Ужо прайшоў месячнік добраўпарадкавання помнікаў і воінскіх пахаванняў, абследаваны сацыяльна-бытавыя ўмовы жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, намечаны мерапрыемствы па аказанні ім неабходнай дапамогі. Усе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны атрымалі віншаванні да Дня Перамогі. У рамках юбілейных дат рэгулярна праходзяць тэматычныя мерапрыемствы для пажылых людзей, шмат увагі надаецца іх захапленням. Работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана.

У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Валянцін Абухаў, Валянціна Літвін, вопытам работы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’ядання ветэранаў падзяліўся Аляксандр Караленка. Таксама абмеркавалі праект пастановы пленума і прынялі рашэнне прадоўжыць цеснае супрацоўніцтва раённага савета ветэранаў з сельвыканкамамі; удзельнічаць у штогадовых аглядах воінскіх пахаванняў і помнікаў, іх добраўпарадкаванні; надаваць увагу сацыяльнай абароне ветэранаў, іх аздараўленню і медыцынскаму абслугоўванню; актывізаваць работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Удзельнікі пленума шчыра падзякавалі за шматгадовую работу ў якасці кіраўніка раённай ветэранскай арганізацыі Леаніду Кашко, уручылі яму кветкі і падарункі. Затым слова ўзяў новы старшыня арганізацыі Міхаіл Губар. Ён паабяцаў, што і надалей ветэраны раёна не будуць абдзелены ўвагай, а актывісты аб’яднання пастараюцца бачыць праблемы кожнага пажылога чалавека.

Завяршыў сустрэчу канцэрт ад работнікаў культуры раёна.

Ірына СТЫРНІК