Водар свежаскошаных траў разліваецца па зялёных угоддзях раёна – на Дзятлаўшчыне заканчваюцца работы па касьбе і нарыхтоўцы кармоў.
Важнасць зялёнага жніва цяжка пераацаніць: ад своечасовай нарыхтоўкі кармоў залежыць развіццё жывёлагадоўчай галіны, а таму гэты аграрны этап сёння па значнасці прыраўноўваецца да ўборкі хлябоў.
Першыя травы самыя каштоўныя – у іх вялікая колькасць вітамінаў і карысных рэчываў, а гэта значыць, што высокая якасць кармавой базы забяспечваецца менавіта за кошт траваў першага ўкосу.
Раённыя спецыялісты корманарыхтовачнага звяна зрабілі ўсё магчымае, каб тэрмінова і своечасова скончыць касьбу траваў першага ўкосу і тым самым забяспечыць жывёлу якасным кормам. Паспрыяла першаму ўкосу траў і надвор’е. Калі ў мінулыя гады да касавіцы сельгаспрадпрыемствы прыступалі, як правіла, у першых чыслах чэрвеня, то сёлета мясцовыя аграрыі распачалі работы ўжо ў канцы мая.
Першымі з касавіцай у раёне справіліся ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Войневічы”, КСУП “Жукоўшчына” і “Белагурна”. Работнікі астатніх сельгаспрадпрыемстваў разлічваюць скончыць першы ўкос да канца чэрвеня.
Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на 25 чэрвеня ў раёне скошаны травы на плошчы 13 663 гектары, а гэта 88 працэнтаў ад запланаванага, убраны травы з плошчы 13 387 гектараў, што складае 98 працэнтаў да задання, наперадзе – актыўныя работы па заканчэнні жніва траваў першага ўкосу.
Паралельна касьбе ў гаспадарках раёна ідуць работы па закладцы кармоў у сянажныя траншэі, вядзецца бесперапынная кругласутачная трамбоўка сянажнай масы, наладжаны работы па нарыхтоўцы сена. Усе работы праводзяцца ў адпаведнасці са строгім захаваннем тэхналогій, вытрымліваецца неабходны тэмпературны рэжым закладкі сянажнай массы, для захавання якасці кармавой базы выкарыстоўваюцца кансерванты. На ўсіх этапах корманарыхтоўкі работы праводзяцца з захаваннем правілаў тэхнікі бяспекі.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ